Чарговы экалагічны пракол прадпрыемства пад кіраўніцтвам сенатара Анюхоўскага
На днях дырэктару «Талачынскага кансервавага завода», а па сумяшчальніцтву сябру Савета Рэспублікі Нацыянальнага Сходу Беларусі Анатолю Анюхоўскаму прыйшлося адказваць на нязручныя пытанні пракурораў у сувязі з залпавым скідам вытворчых сцёкаў у раку Друць.
Пасля траплення крухмальных адходаў, утрыманне кіслароду ў рацэ ўпала да 2% пры мінімальна дапушчальнай лічбе для выжывання рыбы 6%. Як следства - усё жывое ў рацэ загінула. Па падліках спецыялістаў шкода прыродзе ацэньваецца больш як у паўмільярда рублёў і ў бліжэйшы час пасля поўнай ацэнкі сітуацыі можа вырасці яшчэ ў некалькі разоў.
Варта нагадаць, што ў канцы мінулага года Талачынскі кансервавы завод быў аб'ектам іншага экалагічнага скандалу, пра што паведамляў ПЦ "Вясна". Тады тыя ж самыя крухмальныя адходы выліваліся ў бліжэйшым лесе. У дачыненні да працаўнікоў прадпрыемства быў узбуджаны адміністрацыйны працэс, справа скончылася штрафамі, якія як цяпер відаць, нічаму кіраўніцтва прадпрыемства не навучылі.
А можа быць прычына ў тым, што нялёгкая праца сенатара не дазваляе спадару Анюхоўскаму належным чынам кіраваць прадпрыемствам? Цяжка сказаць, якую карысць прынесла краіне праца Анюхоўскага ў Савеце Рэспубліцы. А вось экалагічны ўрон, які за час яго кіраўніцтва нанесла прадпрыемства прыродзе, будзе адчувальны яшчэ доўгія гады.