Бабруйск: “Ананімная” міліцыянтка прыйшла па ананімцы, дасланай ідэолагу
На працу да Валерыя Мікітка, які быў адным з заяўнікаў на
правядзенне пікета за свабодныя выбары, завітала супрацоўніца міліцыі. Яна
размаўляла з акітывістам АГП у кабінеце яго начальства.
Міліцыянтка, якая адмовілася назваць сваё імя, паведаміла, што завітала на ААТ
“ЛегПрамРазвіццё”, дзе працуе Мікітка, па загаду намесніка галоўнага
бабруйскага ідэолага – Аляксандра Чарніна. Менавіта гэтаму чыноўніку, са словаў
супрацоўніцы УУС, прыйшла скарга на актывіста, а ў ёй гаварылася, што Валерый
займаецца на працоўным месцы агітацыйнай дзейнасцю.
-Мне гэта нагадала савецкія часы, калі парторгі самі
сачынялі ананімкі і па іх каралі людзей, - дзеліцца ўражаннямі Валерый Мікітка.
– Калі сапраўды нехта напісаў гэтую скаргу, дык чаму не падпісаўся? Дарэчы,
панапісвалі ў ананімцы рознай трызны, кшталту, быццам бы я працаўладкоўваю
людзей у Расіі. Па сутнасці, я мог бы і не размаўляць з супрацоўнікам міліцыі,
які не называе сваё імя… Пачала тлумачыць, што праводзіць праверку па сваёй
службовай дзейнасці. Хоць я і сам выдатна разумею, што яна прыйшла не па сваім
жаданні.
Валерый Мікітка звязвае гэты візіт міліцыянткі з пададзенай ім заявай на
правядзенне пікета. Раней яго ўжо выклікаў на размову галоўны ідэолаг
прадпрыемства і цікавіўся яго грамадскай пазіцыяй http://spring96.org/be/news/52268. А намеснік старшыні
гарвыканкама нават азнаёміўся з працоўным графікам http://spring96.org/be/news/52424 актывіста.
-Мяне гэтая празмерная ўвага да маёй асобы здзіўляе. Ну, падаў я заяву на правядзенне пікета, так адкажыце проста “так” ці “не”. А ім ўсё не церпіцца мяне неяк падзёргаць. Перажываў, што будуць з-за гэтага праблемы на працы, але, здаецца, начальства гэтую сітуацыю ўспрымае адэкватна, - кажа бабруйскі дэмактывіст.