viasna on patreon

У Брэсце пра рэферэндум нагадалі бел-чырвона-белымі стужкамі

2012 2012-05-15T11:17:16+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/turcheniak-shurhaj.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Мясцовыя прадстаўнікі дэмакратычнай супольнасці 14 мая раздавалі ўладальнікам аўтамабіляў стужкі нацыянальнага колеру, каб у 17-ю гадавіну рэферэндума нагадаць, пры якіх умовах герб “Пагоня” і бел-чырвона-белы сцяг былі пазбаўленыя дзяржаўнага статусу.
Ініцыятыва раздаваць адмысловыя стужачкі належала актывістам грамадскага аб'яднання Рух “За Свабоду” і знайшла падтрымку ў прыхільнікаў іншых апазіцыйных партый - у прыватнасці, з Беларускай хрысціянскай дэмакратыі (БХД). “Мэта нашай акцыі - папулярызаваць нацыянальныя сімвалы, пад якімі Беларусь атрымала сваю незалежнасць, - распавёў брэсцкі каардынатар Руху “За Свабоду” Дзяніс Турчаняк. - У гадавіну рэферэндуму, ініцыяванага Лукашэнкам, мы хацелі нагадаць пра нашу гістарычную спадчыну – Пагоню і бел-чырвона-белы сцяг”. У выніку ўсяго за гадзіну ў горадзе разышліся каля 100 стужак.

У той жа час кіраўнік мясцовай суполкі БХД Зміцер Шурхай адзначыў, што такім чынам таксама выказваецца салідарнасць з Сяргеем Каваленкам, які зараз галадае і знаходзіцца ў няволі. “Ён асуджаны менавіта за тое, што вывесіў беларускі нацыянальны сцяг“, - нагадаў Шурхай.
Раздачу стужачак актывісты не лічаць чымсьці незаконным: “Гэта не адрозніваецца па сутнасці ад таго, што рабіла нядаўна абласная ДАІ, калі праводзіла акцыю “Дзякуй дзеду за Перамогу!”, - кажа Дзяніс Турчаняк. - Калі можна павязаць чорна-аранжавую георгіеўскую стужачку, дык чаму ў памяць аб іншых дзядах не павязаць і бел-чырвона-белую”.

 

На фота: Дзяніс Турчаняк (злева) і Зміцер Шурхай

Дзяніс Турчаняк павязвае бел-чырвона-белую стужку

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства