Суддзі заблыталіся ў судах
Баранавіцкі прадпрымальнік Мікола Чарнавус звяртаўся ў Брэсцкі абласны суд з просьбай адмяніць рашэнне Баранавіцкага гарадскога суда адносна непадведамаснасці агульнаму суду разгляду справы аб незаконных выбарах Савета мясцовага рынка і накіраваць справу на новы разгляд.
У абласным судзе незадавальненне іску растлумачылі тым, што справу Чарнавуса павінен разглядаць Брэсцкі гаспадарчы суд, пры тым, што двойчы ў гаспадарчым судзе ( суддзі Людміла Леванчук і Таццяна Людвіг) яму адказвалі, што яго справай павінен займацца агульны суд.
Па словах юрыста-праваабаронцы Уладзіміра Малея, суддзі гаспадарчага суда выявілі сваю некампетэнтнасць, паколькі ў Пастанове Вярхоўнага суда і Вышэйшага гаспадарчага суда выразна напісана аб тым, што менавіта гаспадарчы суд павінен разглядаць спрэчнае пытанне паміж юрыдычнымі асобамі, якімі з’яўляецца прадпрымальнік Чарнавус, гарвыканкам і ПГУП “Баранавіцкі кааператыўны рынак”.
Нагадаем, што ў снежні 2011 года адміністрацыя гарвыканкама і рынка прызначылі новы Савет, тым самым парушыўшы Указ прэзідэнта №148 і Пастанову Савета міністраў № 375, дзе сказана, што Савет рынка абіраецца на агульным сходзе. Па словах Чарнавуса, ніякага сходу прадпрымальнікаў не было. Ён звяртаўся са скаргай у Баранавіцкую раённую пракуратуру і двойчы ў абласную. Але там ніякіх парушэнняў не ўбачылі.
Чарнавус будзе звяртацца ў гаспадарчы суд і зробіць намаганне, каб суд усё ж такі разглядзеў яго заяву.