Міхаіла Мускага пасьля 15 сутак пакінулі на Акрэсьціна
Актывіст зарэгістраванага ў Чэхіі «Маладога фронту» Міхаіл Мускі, якога павінны былі вызваліць 11 траўня пасьля 15 сутак арышту, застаўся ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсьціна.
11 траўня маладафронтаўцы Мікола Дземідзенка,
Раман Васільеў і Міхаіл Мускі павінны
былі выйсьці на свабоду пасьля чарговага 15-сутачнага арышту.
Сайт «Маладога фронту» паведамляе: «На жаль, Міхаіл так
і ня трапіў на волю. Сябры шукалі паплечніка, і толькі
12 траўня раніцай стала дакладна вядома, што Мускі застаўся ў Цэнтры
ізаляцыі правапарушальнікаў. Дакладныя абставіны затрыманьня Міхаіла
не вядомыя. У дзяжурнай частцы ЦІП нам паведамілі, што юнак затрыманы
да судовага паседжаньня, якое адбудзецца ў панядзелак у судзе
Маскоўскага раёну».
Праваабаронца Наста Лойка выказала такое меркаваньне: «Хутчэй
за ўсё, Міхаілу інкрымінуюць дробнае хуліганства. Падобнае адбылося ўвесну
з актывітам кампаніі „Гавары праўду!“ Паўлам Вінаградавым: яго вывезьлі
адразу ж пасьля адседкі з Акрэсьціна на міліцэйскай машыне
ў пастарунак Маскоўсканга раёну, склалі яшчэ адзін пратакол
па артыкуле КаАП 17.1.
Думаю, што чарговае затрыманьне Мускага зьвязана з тым, што
ён адмаўляецца праходзіць тэрміновую службу ў войску і патрабуе
альтэрнатыўную. Яму даслалі позву ў ваенкамат на 14 траўня, і,
хутчэй за ўсё, Міхаіла прывязуць туды пад канвоем».
Актывістаў «Маладога фронту» Міколу Дземідзенку, Рамана Васільева
і Міхаіла Мускага затрымалі 26 красавіка пасьля заканчэньня акцыі
"Чарнобыльскі шлях — 2012. 27 красавіка яны былі асуджаны
на 15 сутак арышту.