Баранавіцкі актывіст скардзіцца на пракурораў Лукашэнку
Баранавіцкі грамадскі актывіст Рыгор Грык(на фота) 11 мая накіраваў скаргу А. Лукашэнку на дзеянні Генеральнага пракурора, пракурораў г.Баранавічы і Брэсцкай вобласці. У сваім лісце ён паведамляе, што пракурор г.Баранавічы Більдзейка М.А. незаконна вынес яму афіцыйнае папярэджанне за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве 8 кастрычніка 2011 года ў старым парку горада. Рыгор Грык паскардзіўся абласному пракурору Точка А.Т. на дзеянні гарадскога пракурора, але той таксама прызнаў грамадскага актывіста вінаватым не толькі ва ўдзеле ў мясцовым сходзе, але ўжо і арганізатарам несанкцыянаванага мерапрыемства ў Баранавічах. У сваю чаргу Генеральны пракурор не стаў разгдядаць справу Грыка па сутнасці, а накіраваў яе да разгляду тым жа пракурорам, на якіх і скардзіўся заяўнік.
– Таму ў сваім лісце я прашу Лукашэнку абавязаць Генеральнага пракурора Беларусі разглядзець маю скаргу па сутнасці і адмяніць афіцыйнае папярэджанне, вынесенае мне незаконна,– паведаміў Рыгор Грык.