У Брэсце збіраюць подпісы супраць пераследу Паўла Вінаградава
Мясцовыя актывісты такім чынам хочуць прыцягнуць увагу да сітуацыі вакол былога палітзняволенага Паўла Вінаградава, які за сваю грамадскую дзейнасць рэгулярна прыцягваецца да адміністрацыцйнай адказнасці і яму можа пагражаць новы крымінальны пераслед.
Брэсцкія паплечнікі Вінаградава па грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду!” у сваім лісце да Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь (менавіта пад гэтым зваротам зараз збіраюцца подпісы) адзначаюць, што гісторыя з актывістам яскрава сведчыць, як у Беларусі парушаюцца правы чалавека.
“Мы маем справу з рэальным прававым бязмежжам, калі міліцыянты выклікаюць грамадзяніна і ставяць перад фактам, што ён брыдкасловіў ці здзяйсняў іншы нядобры учынак, - распавядае адзін з ініцыятараў збору подпісаў Аляксей Коўтун. – Упэўнены, што гэта з’яўляецца правакацыяй, таму наша мэта на прыкладзе з Паўлам Вінаградавым прадэманстраваць, што ў такое становішча можа трапіць кожны”.
Ад пачатку гэтага года Павел Вінаградаў ужо чатыры разы прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці і зараз яму пагражае крымінальны пераслед, у выпадку якога ён можа быць пазбаўлены волі. Паплечнікі грамадскага актывіста перакананы, што ўсе апошнія судовыя працэсы над Паўлам былі "замоўленымі" і палітычна матываванымі.