Віцебская міліцыя шукае, хто вывесіў бел-чырвона-белы сцяг
У Кастрычніцкі РАУС выклікалі маці актывісткі “Еўрапейскай Беларусі” Алены Семенчуковай. Супрацоўнік міліцыі па прозвішчы Захаранкаў па тэлефоне сказаў, што хоча ўзяць тлумачэнні ў дзяўчыны і ейнага непаўнагадовага брата Сяргея. Маці, Наталля Семенчукова, мусіла паехаць у інспекцыю па справах непаўнагадовых Кастрычніцкага РАУС – да яе таксама былі пытанні.
У пастарунку жанчыну распытвалі, ці былі яе дзеці 7 траўня калі медыцынскага ўніверсітэту. У той дзень на будынку інтэрната гэтай навучальнай установы быў вывешаны бел-чырвона-белы сцяг. Маці патлумачыла, што Алена і Сяргей насамрэч былі ў тым раёне, бо разам хадзілі на ВМУ на рэгістрацыю да цэнтралізаванага тэставання.
Тады ў спадарыні запыталіся, ці ведае яна пра палітычныя перакананні дачкі і пра тое, што 20 сакавіка Алену затрымлівалі з плакатам "Свабоду Сяргею Каваленку". Тады суддзя Чыгуначнага райсуду Алена Цыганкова аштрафавала актывістку за правядзенне несанкцыянаванай акцыі штрафам у памеры 175 тысяч рублёў. Маці пра гэта ведала, так што "выхаваўчай гутаркі" у міліцыі не атрымалася. Інспектар Вячаслаў Петкун параіў жанчыне "пагаварыць" з дзецьмі, каб яны "не сапсавалі сабе далейшае жыццё"
Самой актывісткі і яе брата Сяргея 8 траўня ў Віцебску не было, таму ўзяць тлумачэнні ў іх супрацоўнікі міліцыі не змаглі. Але Сяргею Семенчукову патэлефанавалі з той самай інспекцыі ўжо пасля размовы з маці ды папрасілі абавязкова зайсці "паразмаўляць".