Жонкі палітвязьняў: «На амністыю да 3 ліпеня не спадзяемся»
Аляксандар Лукашэнка загадаў да 3 ліпеня прыняць закон аб амністыі. Ці спадзяюцца сваякі палітвязьняў хутка ўбачыць сваіх родных дома?
«Прыстойныя людзі сядзяць у турмах, а нягоднікаў
мы выпускаем пад ціскам ці не пад ціскам», — сказаў,
выступаючы са штогадовым пасланьнем, Аляксандар Лукашэнка. Гэта было
сказана пасьля таго, як Лукашэнка загадаў дэпутатам падрыхтаваць закон
аб амністыі да 3 ліпеня. Ці магчыма, што пад амністыю
падпадуць і палітвязьні? Вось што адказала на гэтае пытаньне жонка
палітвязьня Сяргея Каваленкі Алена:
«Збольшага нічога добрага я ад Лукашэнкі не чакаю. Тэму
вызваленьня палітвязьняў ён абмінуў сьвядома і сьвядома выказаўся
крайне нэгатыўна пра палітвязьняў. Верагодна, ён з дапамогай амністыі
3 ліпеня задумаў вырашыць і праблему палітвязьняў. Пры гэтым
ён хоча зрабіць гэтак, каб палітвязьні не былі рэабілітаваныя, каб
яны выйшлі бяз права ўдзелу ў выбарах. Таму зараз адбываецца
беспрэцэдэнтны ціск на палітвязьняў. У прыватнасьці, на майго
Сяргея. Яго прымушаюць напісаць прашэньне аб памілаваньні праз правакацыі,
бо хочуць накласьці нейкія парушэньні і гэтак зламаць ягоную волю.
Канечне, я спадзяюся на амністыю, але ўсё ж ілюзіяў наконт таго,
што адбываецца ў краіне вакол палітвязьняў і майго Сяргея,
у мяне няма».
Марына Адамовіч, жонка экс-кандыдата на прэзыдэнта
Мікалая Статкевіча, катэгарычна адказала, што на амністыю 3 ліпеня
не спадзяецца. У адным зь лістоў Мікалай патлумачыў жонцы, што
амністыя не пашыраецца на тых, хто лічыцца парушальнікам турэмнага
рэжыму, а тым больш на тых, каго ўтрымліваюць у «крытай» турме,
як яго. Аднак тое, што Аляксандар Лукашэнка закрануў тэму палітвязьняў,
жонка Статкевіча лічыць красамоўным фактам:
Мяркую, гэта сьведчыць пра тое, што гэтая тэма яму не дае спаць. Яна яго турбуе штохвілінна.
«Мяркую, гэта сьведчыць пра тое, што гэтая тэма яму не дае спаць. Яна яго
турбуе штохвілінна. І добра, што ціск, які чыніцца з-за палітвязьняў,
уплывае на сытуацыю і паводзіны гэтага чалавека. Бо калі б
не хваляваўся, то ня згадваў бы пра гэта».
Жонка праваабаронцы Алеся Бяляцкага Натальля Пінчук
сумняваецца ў пэрспэктывах убачыць мужа на волі ў выніку
амністыі 3 ліпеня:
«Такія ж словы былі і ў ранейшых выступах, але нічога
не зьмянілася. Таму і на гэтую амністыю
я не разьлічваю. Як і раней».
Паводле Натальлі Пінчук, ёй невядома пра ціск на Алеся Бяляцкага
з мэтай атрымаць ад яго прашэньне аб памілаваньні.
Старшыню «Маладога фронту» Зьмітра Дашкевіча, якога трымаюць
у Глыбоцкай калёніі, ужо некалькі разоў каралі карцэрам за парушэньні
турэмнага рэжыму. Праваабаронцы кажуць, што разьлічваць Дашкевічу
на амністыю не выпадае. Зь лістоў вязьня сябрам вынікае, што
пісаць прашэньне аб памілаваньні ён не зьбіраецца.