Сімбірову далі 15 сутак арышту, Бартосіка адпусцілі
Невядомымі ў цывільным 8 траўня ў 13 гадзін каля парку Чэлюскінцаў былі затрыманыя барды Ігар Сімбіроў і Зміцер Бартосік. Іх гвалтам зацягнулі ў аўтамабіль "Мерсэдэс" чорнага колеру.
Як пасьпеў паведаміць па тэлефоне Сімбіроў, яго вязуць у суд Менскага раёна і г. Заслаўя. Магчыма, суддзя Аляксей Мініч прыняў рашэньне працягнуць разгляд адміністратыўнай справы, якая была перанесеная на 18 траўня. Па неправеранай інфармацыі, Зміцера Бартосіка адвезлі ў РУУС Першамайскага раёна Менска.
Планавалася, што затрыманыя барды прымуць удзел у запісе праграмы на Радыё "Свабода".
Нагадаем, 6 траўня вечарам Ігар Сімбіроў разам з бардам Зміцерам Бартосікам і 12 слухачамі былі затрыманыя на станцыі “Зялёнае” пасьля канцэрту на вольным паветры. У аддзяленьні міліцыі ў Ждановічах на Сімбірова склалі адміністратыўны пратакол. Яго звінавацілі ў непадпарадкаваньні міліцыі пры затрыманьні, у тым, што ён лаяўся і размахваў рукамі.
7 траўня распачаўся суд, аднак па прычыне дадатковага выкліку сведак суддзя перанес паседжаньне на 18 траўня.
Змітра Бартосіка выпусцілі з пастарунку.
17-20. Ігара Сімбірова пакаралі арыштам у 15 сутак. Сведкамі на працэсе выступалі міліцыянты Леонаў, Бурак, Казлоў і Лапцэвіч. У сваіх паказаннях яны супярэчылі адзін адному і рапартам аб затрыманні. Ігар Сімбіроў мае намер абскарджваць прысуд.