Леанід Судаленка: нашай краіне не сысці ад пытанняў, якія ўзнімаюцца праваабаронцамі
У
Чарнігаве адбыўся семінар «Стратэгічныя справы ў практыцы праваабарончых арганізацый.
Імплементацыя дэ-факта нормаў міжнароднага права», арганізаваны па ініцыятыве
Гомельскага Цэнтра стратэгічнай цяжбы. На працягу 3-х дзён беларускія
праваабаронцы сумесна са сваімі калегамі з Украіны вывучалі асаблівасці
стратэгічных цяжбаў, знаёміліся з вопытам стратэгічнай абароны Харкаўскай
праваабарончай групы.
Прадстаўнікі Гомельскага
Цэнтра стратэгічнай цяжбы Леанід Судаленка і Васіль
Палякоў лічаць неацэнным вопыт сваіх калег з іншых краін у пытаннях
вядзення стратэгічных цяжбаў, накіраваных як на змену існуючых прабелаў і
недахопаў у нацыянальным заканадаўстве, так і практыкі яго прымянення. Яны
таксама ўпэўненыя, што не за гарамі той час, калі Беларусь ратыфікуе
Еўрапейскую Канвенцыю аб абароне правоў чалавека, пасля чаго беларусы змогуць
абараняць свае правы і ў Еўрапейскім Судзе па правах чалавека.
Л. Судаленка: - на жаль, вымушаны падкрэсліць той факт, што ў
Беларусі вельмі складана дамагчыся станоўчага выніку той ці іншай стратэгічнай
цяжбы. Суб'екты, упаўнаважаныя ўплываць на змяненне заканадаўства і практыку
яго прымянення, праваабаронцаў пакуль не хочуць чуць. У выніку, з кожным годам
назапашваецца колькасць рашэнняў Камітэта ААН па правах чалавека па скаргах
беларускіх грамадзян аб парушэнні тых ці іншых правоў, гарантаваных
міжнароднымі дамовамі краіны.
- Тым не менш, у бліжэйшай перспектыве нашай краіне не сысці ад пытанняў, якія
ўзнімаюцца праваабаронцамі. Вопыт нашых суседзяў, як на Захадзе, так і на
Усходзе паказвае, што іх урад, так ці інакш вымушаны рэагаваць на пытанні, што
ўздымаюцца праваабаронцамі ў сувязі з парушэннем правоў чалавека, - падкрэсліў
кіраўнік Гомельскага Цэнтра стратэгічнай цяжбы.
Прадстаўнікі Харкаўскай
праваабарончай групы Айгуль Муканова і Яна
Заікіна, прадстаўляючы працу свайго Цэнтра стратэгічнай абароны, на
прыкладах рашэнняў Еўрапейскага суда па правах чалавека падзяліліся з
удзельнікамі вопытам абароны такіх правоў, як права на жыццё, права не
падвяргацца катаванням і жорсткаму звароту, аб правах асоб, якiя ўтрымлiваюцца
пад вартай, а таксама права на справядлівае судовае разбіральніцтва.
У рабоце семінара таксама прымалі ўдзел беларускія адвакаты, пазбаўленыя
ліцэнзій пасля падзей снежня 2011 года, якія спыніліся на ролі адвакатаў ў
прасоўванні міжнародных стандартаў у галіне правоў чалавека. На іх думку,
прычына неўспрымання міжнародных нормаў закладзена ў самой судовай сістэме,
якая склалася ў Беларусі.
З удзелам адвакатаў была разгледжана беларуская практыка, калі Канстытуцыйны
суд Беларусі дае заключэнне адпаведнасці законапраекта перад яго падпісаннем
кіраўніком дзяржавы.
Паводле gomelspring.org