Суд у Брэсце не задаволіў скаргу наконт забароны пікету
7 мая суддзя суда Ленінскага раёна Брэста Алег Міранюк адхіліў скаргу сябра Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” Аляксандра Дзенісенкі (на здымку – другі злева) на дзеянні намесніка старшыні Брэсцкага гарвыканкама Вячаслава Хафізава.
Рашэннем гэтага чыноўніка актывісту апазіцыйнай партыі было адмоўлена ў правядзенні адзіночнага пікету 17 сакавіка на стадыёне “Лакаматыў“. Падчас акцыі Дзенісенка збіраўся прыцягуць увагу да праблемы недаступнасці жылля для многіх грамадзян краіны ў сувязі з высокімі коштамі на яго і рабаўніцкімі працэнтамі для атрымання крэдыту.
Як патлумачыў аўтар скаргі, рашэнне Брэсцкага гарвыканкама №1210, якое ўскладае на заяўніка (калі мерапрыемства праходзіць без удзелу органаў улады) заключэнне дамоваў з аддзеламі ўнутраных спраў, установай аховы здароўя і камунальным унітарным прадпрыемствам “Камунальнік” і аплату іх паслуг, фактычна абмяжоўвае права на свабоду выказвання свайго меркавання і свабоду правядзення масавых мерапрыемстваў.
Таму, звяртаючыся ў суд Аляксандр Дзенсіенка прасіў прызнаць
адмову намесніка старышні гарвыканкама Хафізава неправамернай, бо яна парушае яго
права на свабоду выказвання свайго меркавання і права на мірныя сходы,
гарантаваныя арт.33 і 35 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь
Аднак суд адмовіў заяўніку на той падставе, што нават пры правядзенні
адзіночнага пікету ён мусіў заключыць дамовы з гарадскім службамі. Аляксандр
Дзенісенка мае намер абскардзіць дадзенае рашэнне ў абласным судзе.