viasna on patreon

Плошча Перамогі ў Віцебску стане " рэжымна-абмежавальнай тэрыторыяй "

2012 2012-05-06T13:38:39+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/peratrusy.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

9 траўня плошча будзе ў атачэнні міліцэйскіх патрулёў і "ланцуга" з 14-ці кантрольна-прапускных пунктаў – гэта нават болей, чым падчас "Славянскага базару" ў фестывальным цэнтры Віцебску.

З нагоды надзвычайных ахоўных захадаў намеснік начальніка ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі МУС Віцебскага аблвыканкаму  Ігар Скарыновіч даў журналістам тлумачэнні, каб інфармацыю давялі ды чытачоў мясцовых СМІ. І вось у газеце "Віцебскі рабочы" з'явілася папярэджанне: з 9 раніцы 9 траўня плошча Перамогі абвяшчаецца "рэжымна-абмежавальнай тэрыторыяй".

"Каб святкаванне 67-х угодкаў Перамогі не было азмрочана непажаданымі выпадковасцямі", піша газета, трапіць на ўрачыстасці здолее далёка не кожны. Пэўнай гарантыяй можа быць толькі адсутнасць "сцягоў, вымпелаў, значкоў  транспарантаў, за выключэннем дзяржаўнай сімволікі", "зброі і яе муляжоў", напояў, у тым ліку безалкагольных. Пранесці праз КПП можна будзе толькі "мінералку" ў празрыстай пластыкавай бутэльцы аб'емам не бальш за 0, 5 літра.

На ўрачыстую частку святкавання будуць увогуле пускаць толькі пры наяўнасці адмысловага пропуска, у тым ліку і супрацоўнікаў СМІ. Праз КПП давядзецца прайсці і ахвотным паглядзець святочны канцэрт, і аматарам фейерверкаў. Больш за тое: з 20.00 да сканчэння святочнага салюту ўваход на плошчу Перамогі і ў парк Пераможцаў будзе зачынены ўвогуле.

Жыхароў Віцебску абурае такі падыход да забеспячэння "спакою і стабільнасці" – пра гэта пішуць наведнікі сайту "Народныя Навіны Віцебску". У першую чаргу абуральным падаецца "рэгламент" на напоі: у святкаваннях традыцыйна ўдзельнічаюць дзіцячыя мастацкія калектывы, таксама бацькі вядуць на свята маленькіх дзяцей, і ў спякотнае надвор'е абмежаванне  на наяўасць не больш як  0,5 літра "мінералкі" можа мець непажадаыя наступствы.  

Надзвычайныя меры аховы правапарадку пачалі ўводзіцца ў Віцебску з зімы 2010 года. Пасля таго, як віцебскі сябар КХП БНФ Сяргей Каваленка вывесіў 7 студзеня, падчас каляднага канцэрту, бел-чырвона-белы сцяг на навагодняй ёлцы, прычым якраз на плошчы Перамогі, супрацоўнікі міліцыі пачалі ладзіць КПП падчас любых маштабных мерапрыемстваў у гэтым месцы.

Прычым год ад году колькасць КПП расце, а колькасць ахвотных цярпець прыніжальную працэдуру асабістага дагляду з абмацваннем кішэняў і сумак імкліва падае. У супрацоўнікаў незалежных СМІ, якіх міліцэйскае кіраўніцтва ведае ў твар, шанцаў трапіць на плошчу Перамогі з фотаапаратам або відэакамерай увогуле практычна няма. 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства