У Баранавічах збіраюць подпісы за вызваленне палітвязняў
Баранавіцкія сябры Руху “За свабоду” сабралі амаль 200 подпісаў з патрабаваннем вызвалення і рэабілітацыі ўсіх палітычных зняволеных, асуджаных за падзеі 19 снежня 2010 года. Лісты з подпісамі 3 мая былі накіраваны ў Адміністрацыю прэзідэнта.
- Сёння трэба быць мужным чалавекам, каб не баяцца і паставіць свой подпіс пад патрабаваннем аб вызваленні і рэабілітацыі палітвязняў. Таму мы ўдзячны ўсім тых, хто зрабіў гэты мужны ўчынак. Мы павінны рабіць усё магчымае, каб у нашай краіне не толькі не было палітвязняў, але і каб ўлады не пераследавалі людзей за палітычную дзейнасць,– адзначыў старшыня гарадской суполкі Руху “За свабоду” Віктар Сырыца.
Падчас збору подпісаў было праведзена апытанне 350 чалавек. Рэспандэнтам прапанавалася адказаць на пытанне: калі беларускія ўлады вызваляць палітычных зняволеных, то, як вы лічыце, ці палепшацца адносіны паміж Беларуссю і Еўрапейскім Саюзам? 90% апытаных станоўча адказалі на пастаўленае пытанне.