viasna on patreon

БАЖ: Нягледзячы на націск, незалежная журналістыка ў Беларусі захавалася

2012 2012-05-03T12:26:49+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

"Пра свабоду СМІ ў Беларусі пакуль можна гаварыць толькі тэарэтычна, з надзеяй на будучыню" — такое меркаванне выказаў БелаПАН намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) Андрэй Бастунец.

Сваё прафесійнае свята — Сусветны дзень свабоды друку (3 мая) — беларускія незалежныя журналісты сустракаюць "не ў самым лепшым настроі", адзначыў ён.

Напярэдадні Міжнародны камітэт абароны журналістаў і праваабарончая арганізацыя Freedom House далі негатыўную ацэнку сітуацыі ў Беларусі. У прыватнасці ў рэйтынгу свабоды СМІ Freedom House Беларусь аказалася на 193-м месцы са 197 краін. Горшыя, паводле ацэнкі праваабаронцаў, справы толькі ў Эрытрэі, ва Узбекістане, у Туркменістане і Паўночнай Карэі.

У рэйтынгу Міжнароднага камітэта абароны журналістаў Беларусь уключана ў дзясятку краін з "самай жорсткай цэнзурай". Акрамя Беларусі, якая заняла 10-е месца, у пералік краін з самай жорсткай цэнзурай трапілі (у парадку ўбывання): Эрытрэя, Паўночная Карэя, Сірыя, Іран, Экватарыяльная Гвінея, Узбекістан, М'янма, Саудаўская Аравія, Куба.

Як адзначыў Бастунец, штогадовае ўключэнне Беларусі ў спіс краін, дзе справы са свабодай прэсы горшыя за ўсё, стала ўжо кепскай традыцыяй. "Гэта з'яўляецца вынікам не толькі задушэння свабоды прэсы, але і агульнага стаўлення беларускіх уладаў да свабоды выказвання меркавання наогул", — упэўнены намеснік старшыні БАЖ.

Тым не менш, сказаў ён, сёлета адзначана зніжэнне ўзроўню рэпрэсій у дачыненні да журналістаў.

"Сітуацыю не параўнаць з мінулым годам, калі некаторыя нашы калегі трапілі пад крымінальны пераслед за падзеі 19 снежня 2010 года ў Мінску. Аднак і цяпер супакойвацца не варта: 13 журналістаў-фрылансераў за сваю дзейнасць атрымалі папярэджанні КДБ і пракуратуры. З пачатку года былі затрыманы падчас выканання прафесійных абавязкаў больш як 10 нашых калег. Па-ранейшаму застаюцца праблемы з распаўсюджваннем незалежнай прэсы. Увогуле, святкаваць няма чаго", — рэзюмаваў Бастунец.

У сваю чаргу старшыня БАЖ Жанна Літвіна адзначыла: "Калі аб'ектыўна паглядзець, то менавіта мінулы год быў абсалютна беспрэцэдэнтным па ўзроўні націску на незалежную журналісцкую супольнасць — гэта і пачатак крымінальных спраў за ўдзел у выбарчай кампаніі, і канфіскацыя тэхнікі, і вобыскі, і папярэджанні пракуратуры. Мы ўсе добра памятаем, што летась быў асуджаны наш калега Андрэй Пачобут. На мяжы закрыцця знаходзіліся "Народная воля" і "Наша ніва". Пералік гэты можна працягваць".

У 2012 годзе, нагадала Літвіна, шэраг членаў БАЖ трапілі ў спіс асоб, якім абмежаваны выезд за мяжу.

"Але галоўнае тое, што, нягледзячы на гэты націск, незалежная журналістыка як інстытут у Беларусі захавалася", — заявіла Літвіна.

Сусветны дзень свабоды друку быў заснаваны Генеральнай асамблеяй ААН у 1993 годзе.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства