viasna on patreon

“Вясна” піша гісторыю найноўшага часу (відэа)

2012 2012-05-03T12:35:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/reviaka-nasha-viasna.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Таццяна Рэвяка прэзентуе "Нашу Вясну"

Таццяна Рэвяка прэзентуе "Нашу Вясну"

Прэзэнтацыяй адразу двух  выданьняў: фотаальбома “За права на выбар: партрэты асуджаных. Плошча-2010” і кнігі інтэрвію “Наша Вясна. Гісторыя ў асобах” праваабаронцы адзначылі 16-годдзе стварэньня праваабарончага цэнтру “Вясна”.

На прэзентацыі, якая прайшла 2 траўня на сядзібе Партыі БНФ, прысутнічалі шматлікія журналісты, праваабаронцы і грамадскія дзеячы, былыя палітвязні, іх сваякі і родныя.

Намесьнік старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч распавёў, што, падзеі, звязаныя з Плошчай-2010 не скончыліся і зараз. Ацэнка тых падзеяў не зьмянілася дагэтуль і праваабаронцы па-ранейшаму лічаць, што масавых беспарадкаў не было, і што ўсе прысуды за Плошчу зьяўляюцца палітычна матываванымі.

“Тыя людзі, якія былі асуджаныя за падзеі 19 снежня, дагэтуль застаюцца ў турмах: гэта і кандыдат у прэзідэнты на тых выбарах Мікола Статкевіч, гэта і Павел Севярынец, які дагэтуль адбывае пакараньне. Гэта таксама і маладафронтаўцы Зміцер Дашкевіч і Эдуард Лобаў, справы якіх мы таксама непасрэдна звязваем з 19-м сьнежня, бо хлопцы былі затрыманыя прэвентыўна і па абсалютна сфальсіфікаванай крымінальнай справе апынуліся за кратамі. Мы па-ранейшаму патрабуем вызваленьня палітвязьняў — неадкладнага і безумоўнага», — заявіў Валянцін Стэфановіч напачатку мерапрыемства.

Рэдактар фотаальбома “За права на выбар: Партрэты асуджаных”  Алена Лапцёнак паведаміла, што пад адной вокладкай былі сабраныя лёсы сарака дзевяці фігурантаў крымінальнай справы, заведзенай за ўдзел у масавых беспарадках у ноч пасля прэзідэнцкіх выбараў. Менавіта дзеля вызваленьня іх і памяці пра ўсіх іншых асуджаных быў выдадзены гэты фотаальбом.

Прадмову для гэтага выданьня складаў кандыдат гістарычных навук Аляксей Кароль. 

“Гэтым выданьнем “Вясна” пацвердзіла свой вобраз, свой імідж як арганізацыі, якая актыўна змагаецца за правы чалавека ў Беларусі, якая, нягледзячы на брутальны пераслед, не скарылася і працягвае сваю справу. І гэтым выданьнем “Вясна” зрабіла вельмі важкі ўнёсак у дакументальную базу для будучых даследаванняў дэмакратычнага руху ў Беларусі найноўшага часу. У далейшым выданьні “Вясны” стануць нагодай для напісаньня навуковых дысертацый”, — перакананы  гісторык і журналіст Аляксей Кароль

Сябра рады праваабарончага цэнтру “Вясна” Таццяна Рэвяка прыклала шмат намаганьняў для стварэньня кнігі “Наша Вясна. Гісторыя ў асобах”. Гэтае выданне ўяўляе сабою зборнік васемнаццаці інтэрв’ю з вядомымі сябрамі і актывістамі арганізацыі, у тым ліку і рэгіянальнымі. Выданьне гэтай кнігі планавалася на 2011 год,  да 15-годдзя праваабарончага цэнтра, аднак тыя  падзеі, якія пацягнуліся  за “Плошчай-2010”, суды над яе удзельнікамі, а таксама арышт кіраўніка арганізацыі Алеся Бяляцкага, які, дарэчы быў ініцыятарам стварэньня гэтай кнігі,  паўплывалі на тэрміны падрыхтоўкі выданьня.

“Ужо пасля арышту, перадаючы мне ключы ад вясноўскай кватэры, Алесь коратка сказаў: Беражыце “Вясну”. Гэта прагучала як запавет: як бы ні складваліся далейшыя падзеі, “Вясна” павінна працаваць і далей, выконваць сваю місію. Да гонару маіх калег-вясноўцаў трэба сказаць, што гэты запавет зняволенага кіраўніка арганізацыі выконваецца. Ніводзін з сябраў “Вясны” не спыніў сваёй дзейнасьці, не зачынілася ніводнае рэгіянальнае прадстаўніцтва арганізацыі, не знік ніводзін накірунак нашай дзейнасьці. Выхад гэтай кнігі, няхай і крыху запознены, таксама ёсьць яскравае пацвярджэньне гэтаму” – паведаміла Таццяна Рэвяка.

Са словамі падзякі да праваабаронцаў звярнуліся таксама жонка Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч і былы палітвязень Алег Федаркевіч. “Дата 19 снежня жыве ў нашых сэрцах і яна ўплывае на ўсё наша цяперашняе жыццё. Але ўсё было недарэмна, гэтая падзея, хоць яна і мела самыя трагічныя наступствы, усё ж набліжае канец таго рэжыму, які сёння пануе ў нашай краіне”, — упэўнена спадарыя Адамовіч. 

 У якасьці падарункаў удзельнікі мерапрыемства атрымалі плакаты “Каляндар палітвязьня на 8 год” Юлі Ляшкевіч, а таксама кнігі, якія прэзентаваліся.

 

“Вясна” піша гісторыю найноўшага часу (відэа)

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства