У Мікашэвічах замест забароненага мітынга 1 мая ўлады зладзілі “суботнік”
Нагадаем, што заяўку на правядзенне масавай акцыі ў гэтым горадзе Брэсцкай вобласці падавалі старшыня Беларускага незалженага прафсаюза Мікалай Зімін і кіраўнік незалежнай прафсаюзнай суполкі на мясцовым прадпрыемстве “Граніт” Алег Стахаевіч. Падчас мітынгу планавалася выказаць падтрымку рабочым "Граніта", якія стварылі прафсаюз і дамагаюцца магчымасці для яго легальнай дзейнасці.
Аднак мясцовыя ўлады акцыю забаранілі, спаслаўшыся на тое, што на гарадскім стадыёне 1 мая пройдзе спартакіяда. Больш за тое, баючыся, што несанкцыянаваная “маёўка” усё ж адбудзецца, напярэдадні прадпрыемствам і арганізацыям горада было настойліва рэкамендавана правесці “суботнік” па добраўпарадкаванні.
Як распавёў Алег Стахаевіч, многія ў горадзе не ведалі нават, што ўлады забаранілі мітынг, і былі здзіўленыя, калі ў парку раптам арганізавалі ўборку тэрыторыі. Увогуле, па яго словах, у гэты святочны дзень у Мікашэвічах шмат нечаканасцяў: сіламі ДАІ уезд у горад перакрыты, адбываецца праверка машын, што накіроўваюцца ў гэты населены пункт, а на цэнтральных вуліцах заўважна шмат супрацоўнікаў міліцыі, у тым ліку – спецназу.