У баранавіцкіх актывістаў шукалі выбухоўкі
Сёння, 1 мая, у 8.30 супрацоўнікі Баранавіцкага аддзела ўнутраных спраў на транспарце затрымалі на Цэнтральным вакзале групу грамадскіх актывістаў. Яны збіраліся раніцай выехаць у Мінск цягніком, каб прыняць удзел у пасяджэнні ініцыятыўнай групы Дзмітрыя Уса. У ліку затрыманых Вячаслаў Болбат, Рыгор Грык, Арцём Бабей і Аляксандр Давыдаў.
Па словах Рыгора Грыка, іх затрымлівала восем міліцыянтаў і восем чалавек у цывільным на пероне вакзалу Баранавічы-Цэнтральныя, калі яны чакалі цягнік № 106 Брэст-Мінск. Міліцыянты паведамілі, што ў затрыманых, па іх звестках, ёсць выбуховыя і падазроныя рэчы. Таму ўсіх затрыманых накіравалі ў лінейны аддзел станцыі Баранавічы-Цэнтральныя, дзе іх абшукалі і склалі пратаколы дагляду і вобшуку. Нічога падазронага не знайшоўшы, ўсіх затрыманых адпусцілі праз 2,5 гадзіны.