Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека занепакоена абмежаваннем свабоды беларускіх НДА
Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека Наві Пілэй выказала 25 красавіка ў Жэневе сур'ёзную занепакоенасць мерамі па абмежаванні свабоды няўрадавых арганізацый (НДА) у шэрагу краін, у тым ліку ў Беларусі.
Пілэй, у прыватнасці, занепакоена спробамі некаторых краін узмацніць кантроль над НДА шляхам абмежавання крыніц іх фінансавання. Яна нагадала, што ў кастрычніку 2011 года Нацыянальны сход Беларусі ўвёў "папраўкі да крымінальнага кодэкса, якія ўстанаўліваюць крымінальную адказнасць за атрыманне замежных грантаў у парушэнне заканадаўства краіны".
"Паводле меркавання Наві Пілэй, гэта значна абмяжуе дзейнасць беларускіх НДА", — перадае Радыё ААН.
Радыёстанцыя таксама прыводзіць каментарый Андрэя Савіных, начальніка ўпраўлення інфармацыі МЗС Беларусі.
Паводле меркавання Савіных, вярхоўны камісар мела на ўвазе
"псеўдаграмадскія" арганізацыі.
"Калі яны атрымліваюць грошы і фінансаванне з-за мяжы на палітычныя
мэты, то мы разглядаем іх як псеўдаграмадскія. Гэта ўжо не грамадзянская
супольнасць і не грамадзянскія ініцыятывы", — сказаў прадстаўнік МЗС.