Выхаванне павагі да закону -- праз спецшколу
У Магілёўскім раёне з мэтай прафілактыкі безнагляднасці і правапарушэнняў сярод падлеткаў іх пачалі вазіць у Магілёўскую спецшколу зачыненага тыпу. Своеасаблівая кампанія застрашвання падлеткаў адбываецца ў межах рэспубліканскай акцыі “Сябруем з законам”.
У прыватнасці, як паведамляе інтэрнэт-сайт газеты “Прыдняпроўская ніва”, днямі “у рамках рэспубліканскай акцыі “Сябруем з законам” у мэтах удасканалення працы па фармаванні прававой культуры вучняў, прафілактыкі безнагляднасці і правапарушэнняў сярод непаўналетніх” установу адукацыі “Магілёўская дзяржаўная спецыяльная школа закрытага тыпу” наведалі вучні ДУА “Хонаўскі ВПК ДС-СШ”.
Падлеткі пазнаёміліся з раскладам дня, наведалі сталовую, спальню і класныя пакоі выхаванцаў школы. Аўтар артыкула спадзяецца, што вучні зрабілі для сябе выснову, што “жыць і вучыцца лепш дома, у коле блізкіх і знаёмых людзей, і для таго, каб уласная свабода не была гэтак абмежаваная, патрэбна быць заўсёды законапаслухмяным грамадзянінам”.
Сумна, што паважаныя дарослыя могуць уздзейнічаць на дзяцей, толькі палохаючы іх разнастайнымі пакараннямі.