viasna on patreon

Краіны ЕС працягваюць кансультацыі аб вяртанні сваіх паслоў у Мінск

2012 2012-04-17T12:04:36+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Краіны ЕС працягваюць кансультацыі наконт магчымага вяртання ў Мінск сваіх паслоў, паведаміла БелаПАН Мая Качыянчыч, прэс-сакратар вярхоўнага прадстаўніка ЕС па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан. Пры гэтым яна адзначыла, што пакуль не можа назваць дакладныя даты вяртання еўрапейскіх дыпламатаў у Беларусь.

Нагадаем, сёння брусельскі сайт ЕUobserver паведаміў, што паслы ЕС могуць вярнуцца ў Беларусь "у найбліжэйшыя некалькі дзён".

Сёння ж еўракамісар па пытаннях пашырэння Штэфан Фюле ў інтэрв'ю прадстаўніку Фонду Маршала ў Браціславе заявіў, што вызваленне ў мінулыя выхадныя з турмаў экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава і члена яго каманды Дзмітрыя Бандарэнкі "стварае больш спрыяльныя ўмовы" для вяртання еўрапейскіх паслоў у Мінск. "Мы хацелі б, каб яны вярнуліся назад найбліжэйшым часам", — сказаў Фюле.

Пры гэтым ён падкрэсліў: "Важна, каб адзінства і салідарнасць, праяўленыя Еўрасаюзам пры адкліканні паслоў для кансультацый, захаваліся і засталіся галоўным прынцыпам рэакцыі ЕС на любыя дзеянні Мінска". "Вяртанне паслоў не павінна выклікаць злоўжыванні афіцыйным Мінскам сваёй уладай", — адзначыў ён.

15 красавіка кіраўнікі Еўрасаюза, у тым ліку вярхоўны прадстаўнік ЕС па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан і старшыня Еўрапарламента Марцін Шульц, прывіталі вызваленне Саннікава і Бандарэнкі і заклікалі афіцыйны Мінск вызваліць усіх астатніх палітзняволеных.

У сваю чаргу прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Андрэй Савіных, каментуючы заявы кіраўніцтва Еўрасаюза, сказаў БелаПАН, што "ўсе працэсы ў Беларусі ажыццяўляюцца ў строгай адпаведнасці з беларускім заканадаўствам, тут не можа быць нейкага падстройвання пад знешняе ўздзеянне".

Пры гэтым Савіных падкрэсліў: "Знешні націск можа толькі затармазіць развіццё сітуацыі. Мы хацелі б спадзявацца, што выказаныя заявы адлюстроўваюць зараджэнне разумення таго, што рэальны кампраміс і дыялог магчымыя толькі за сталом перамоў у спакойных, паважлівых і канструктыўных умовах". Ён нагадаў, што гэта — прынцыповая пазіцыя беларускага боку.

Зараз у Мінску не засталося ніводнага пасла краін Еўрасаюза. Усе кіраўнікі пасольстваў пакінулі Беларусь у канцы лютага — пачатку сакавіка пасля дыпламатычнага канфлікту паміж Мінскам і Бруселем. Канфлікт разгарэўся пасля лютаўскага рашэння Савета міністраў ЕС пашырыць візавыя і эканамічныя санкцыі супраць прыватных асоб і некаторых прадпрыемстваў Беларусі, а беларускія ўлады ў адказ рэкамендавалі кіраўніку прадстаўніцтва ЕС і паслу Польшчы выехаць у свае краіны для кансультацый. У знак салідарнасці Беларусь пакінулі ўсе еўрапейскія паслы.

30 сакавіка ЕUobserver паведаміў, што паслы ЕС усе разам вернуцца ў Беларусь неўзабаве пасля каталіцкага Вялікадня, "калі Аляксандр Лукашэнка за гэты час не зробіць нейкіх рэзкіх крокаў".

Аднак 5 красавіка Лукашэнка заявіў, што пытанне аб вяртанні дыпламатаў будзе разглядацца ў персанальным парадку. "Гэта была іх воля. Яны паехалі, ажыццявіўшы дыпламатычны, палітычны захад, які ў той час наносіў урон нашаму знешнепалітычнаму ведамству як мінімум і нашай дзяржаве як максімум. <...> Калі яны сябе так паводзяць, мы з міністрам замежных спраў дамовіліся, што кожную краіну і кожнага пасла будзем персанальна разглядаць у плане вяртання ў Беларусь. Але гэта не мае нічога агульнага з тым, што мы хочам перашкаджаць вяртанню паслоў", — падкрэсліў ён.

6 красавіка кіраўнік прэзідэнцкай адміністрацыі Уладзімір Макей заявіў, што ўлады Беларусі гатовы да аднаўлення дыялогу з Еўрасаюзам, але маюць намер дачакацца чарговага рашэння Савета ЕС па беларускім пытанні.

Між тым дата абмеркавання беларускага пытання Саветам ЕС невядомая. Найбліжэйшае пасяджэнне Савета ЕС адбудзецца ў Люксембургу 23 красавіка, але беларускае пытанне ў парадак дня пакуль не ўключана.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства