Суд за “дактыласкапію” - у закрытым рэжыме
У Гародні пачаўся адміністрацыйны працэс над Уладзімірам Фяненкам, якога вінавацяць нібыта ў непадпарадкаванні законным дзеянням міліцыі. Канфлікт узнік, калі прадстаўнікі міліцыі праз тэлефон патрабавалі ў Фяненкі, каб ён тэрмінова прайшоў абавязковую дактыласкапічную рэгістрацыю. Крыху пазней з’явіўся завочна складзены пратакол нібыта пра адміністрацыйнае правапарушэнне. Пра гэта Фяненка даведаўся толькі ў судзе, папрасіўшы пераносу разгляду сваёй справы.
Сёння, 4 красавіка, суддзя Мікалай Сяргейка, нягледзячы на хадайніцтва Уладзіміра Фяненкі і патрабаванні тых, хто прыйшоў яго падтрымаць, каб працэс быў адкрытым, зрабіў яго фактычна закрытым. У маленькім кабінеце суддзі не знайшлося месца ні для гарадзенскіх праваабаронцаў, ні для тых, хто прыйшоў і прыехаў падтрымаць падсуднага. Старшыня суду Ленінскага раёну таксама не захацела прымаць людзей па гэтым пытанні, спаслаўшыся на тое, што яна нічога не можа зрабіць, паколькі працэс ужо пачаўся.