viasna on patreon

Магілёўскія суды не прызнаюць дыскрымінацыі па ўзросту пры працаўладкаванні

2012 2012-03-29T13:20:36+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Услед за раённым судом не ўбачыў дыскрымінацыі і абласны суд.

“Я адпрацаваў у снабжэнні 19 год, - гаворыць Васіль Ліпскі.  – Аднак, будучы ва ўзросце за 50, сутыкнуўся з праявай працоўнай дыскрымінацыяй па ўзросту. Я зразумеў, што з такой праблемай сутыкаюся не адзін я і таму вырашыў бараціць сваё права на працу праз суд”.

Падчас падрыхтоўкі да судовага разбіральніцтва стала вядома, што яшчэ ў 2009 годзе Канстытуцыйны суд Беларусі ўнёс папраўкі, якія забараняюць дыскрымінацыю па ўзросту, полу і месцу жыхарству. У закон “Аб занятасці” гэтыя папраўкі былі ўнесены, а вось у Працоўны кодэкс іх не ўнеслі дагэтуль.

Праваабаронца Барыс Бухель адзначае, што Канстытуцыйны суд у Беларусі не з’яўляецца для іншых дзяржаўных структураў аўтарытэтным, і некаторыя структуры не спяшаюцца выконваць ягоныя пастановы.

“Савет Міністраў мусіць ініцыяваць гэтыя змены ў Працоўным кодэксе, аднак тэрмінаў, у які перыяд ён мусіць выканаць пастанову Канстытуцыйнага суда, не існуе. Прайшло ўжо болей за тры гады, а зменаў у заканадаўстве так і няма. Гэта стварае блытаніну і немагчымасць бараніць свае правы”, - гаворыць Барыс Бухель.

“Абласны суд стаў на бок працадаўцы і пагадзіўся з тым, што Васіль Ліпскі не прайшоў конкурсны адбор, хаця ніякага конкурсу відавочна не было. Яму адмовілі па ўзросту. Праз суд Ліпскі спрабаваў спагнаць маральныя страты і грошы за час вымушаны прагула за адмову ў працаўладкаванні. Хоць абласны суд і адмовіў у задавальненні пазову, аднак вынес прыватнае вызначэнне ў адрас суддзі суда Ленінскага раёна Магілёва Тулінковай за грубае парушэнне працэсуальных нормаў”,- адзначае праваабаронца.

Свае далейшыя дзеянні Барыс Бухель і Васіль Ліпскі будуць планаваць пасля таго, як атрымаюць пісьмовае вызначэнне Магілёўскага абласнога суда.  

Нагадаем, што магілёвец Васіль Ліпскі спрабаваў уладкавацца ў прыватную фірму «ИнТексИнвест» агентам па снабжэнні. Яму выдалі накіраванне ў гарадскім цэнтры занятасці. Калі мужчына прыйшоў працаўладкоўвацца, то яму паведамілі, што на вакантнае месца будзе адбывацца конкурс і прапанавалі яму прыйсці праз два тыдні. Калі ён прыйшоў наступны раз, яму сказалі, што ён не прайшоў конкурс. У накіраванні ад цэнтра занятасці яму зрабілі допіс “Не адпавядае ўзрастовым патрабаванням”. Пасля гэтага выпадку Васіль Ліпскі вырашыў звярнуцца ў суд.

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства