Алесь Бяляцкі ўзнагароджаны дыпломам “За свабоду слова” (фота)
25 сакавіка ў Осла адбылося ўручэнне дыплома “За свабоду слова” зняволенаму кіраўніку Праваабарончага цэнтра “Вясна”, віцэ-прэзідэнту Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Алесю Бяляцкаму. Гэтая ўзнагарода заснаваная Нарвежскім саюзам пісьменнікаў і ўручаецца за асаблівы ўнёсак у абарону свабоды слова і талерантнасці.
Сярод лаўрэатаў дадзенай узнагароды ў папярэднія гады былі расійская журналістка Ганна Паліткоўская, Амас Оз з Ізраілю, Давіт Ісаак з Эрытрэі і іншыя выбітныя асобы, якія адзначыліся сваёй барацьбой за адстойванне права на выказванне меркавання ў сваіх краінах.
Узнагароду зняволенаму праваабаронцу ўручала прэзідэнт Саюзу пісьменнікаў Нарвегіі Аннэ Утэрхолм. Паколькі Алеся Бяляцкі не змог прысутнічаць на цырымоніі і нават да гэтага часу не ведае пра ўганараванне, прымала дыплом жонка Алеся Бяляцкага Наталля Пінчук. Яна распавяла пра паслядоўную і шматгадовую працу Алеся ў накірунку адстойвання нацыянальных каштоўнасцяў, правоў і свабодаў, ягоны літаратурны і літаратуразнаўчы шлях.
Уручэнне дыплому адбывалася падчас штогадовага з’езду Саюзу пісьменнікаў Нарвегіі.