Алесь Бяляцкі — ляўрэат прэміі Нарвэскай асацыяцыі аўтараў
Беларускі палітвязень Алесь Бяляцкі, які ўтрымліваецца ў Бабруйскай калёніі, пэўна, ня ведае, што ў гэтую нядзелю стаў ляўрэатам прэміі «Freedom of Expression», якую прысуджае Нарвэская асацыяцыя аўтараў.
Гэтую ўзнагароду
атрымліваюць праваабаронцы, журналісты, літаратары, якія змагаюцца ў несвабодных краінах за свабоду выказваньня меркаваньняў.
«Для майго мужа будзе сапраўдным сюрпрызам, калі я, вярнуўшыся
дадому, напішу пра гэта», — завіла нарвэскім журналістам на цырымоніі
ўзнагароджаньня жонка Бяляцкага Натальля Пінчук. Яна ўпэўненая,
што прэмія ўзрадуе яе мужа.
Паводле прадстаўнікоў Association Freedom of Expression-Preis, узнагарода,
прысуджаная Алесю Бяляцкаму, — гэта ацэнка ягонай працы і тых высокіх
мэтаў, якія ставяць перад сабой праваабаронцы «Вясны». Таксама гэта прызнаньне
дзейнасьці беларускага палітзьняволенага на міжнародным узроўні.
Бяляцкі знаходзіцца ў Бабруйскай калёніі ад канца лютага.
24 студзеня Менгарсуд разгледзеў касацыйную скаргу кіраўніка
праваабарончага цэнтру «Вясна», віцэ-прэзыдэнта Міжнароднай фэдэрацыі правоў
чалавека Алеся Бяляцкага, асуджанага на 4,5 года турмы. Прысуд Бяляцкаму
пакінулі бязь зьмены.
Кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі асуджаны на 4,5 года
турмы ў лістападзе летась. Яго прызналі вінаватым у няплаце падаткаў.
Праваабаронца сваёй віны не прызнаў і заявіў, што ўсе грошы,
атрыманыя на ягоныя рахункі, ішлі на праваабарончую дзейнасьць.
Падставай для крымінальнага перасьледу Бяляцкага стала інфармацыя пра
банкаўскія рахункі, якую перадалі афіцыйнаму Менску Літва і Польшча.
Краіны Эўразьвязу, ЗША і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі лічаць
Бяляцкага палітвязьнем, а прысуд яму — палітычна матываваным. Яны
патрабуюць ад уладаў Беларусі вызваліць праваабаронцу.