Гарадзенскі выканкам нарэшце паведаміў пра забарону мітынгу да 25 сакавіка
Гарвыканкам нарэшце даслаў афіцыйнае рашэнне за подпісам намесніка старшыні Ірыны Сенчанковай заяўнікам правядзення мітынгу ў Гародні. У адрозненне ад сталіцы, святочнае мерапрыемства на Дзень Волі ў горадзе над Нёманам забаронена. У сваёй адмове мясцовая ўлада бюракратычна спасылаецца на невыкананне заяўнікамі часткі 4 артыкулу 5 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь”.
Адзін з заяўнікоў мітынгу праваабаронца Уладзімір Хільмановіч адзначае, што такое рашэнне гарвыканкаму не стала нечаканасцю: “Гарадзенская ўлада ўжо даўно і яскрава засведчыла сваё негатыўнае стаўленне да нацыянальных каштоўнасцяў Беларусі, да вялікіх гістарычных датаў. Што датычыць самога зместу адмовы, то яна сфармулявана па прынцыпе “нельга, таму што нельга”.
Як адзначае праваабаронца, з адмовы выразна бачна неэтычная фармулёўка чыноўнікаў у афіцыйным адказе грамадзянам: “Можна толькі здагадвацца, што гарвыканкам мае на ўвазе. Калі тое, што заява пададзеная не ў адпаведны тэрмін, то гэта не так – у адпаведнасці з Законам яна была пададзеная заказным лістом 7 сакавіка, у вызначаны заканадаўствам тэрмін. Словам, абсалютна некарэктная адмова”.