Рыгору Грыку другі раз запар забаранілі пікет
Грамадскі актывіст Рыгор Грык 20 сакавіка атрымаў ліст за подпісам намеснікама старшыні Баранавіцкага гарвыканкама Дз. Касцюкевіча. У ім паведамляецца, што Баранавіцкі гарвыканкам не дае дазволу на правядзенне пікету 25 сакавіка 2012 года ў старым парку горада.
Падчас пікета Рыгор Грык хацеў выказаць пратэст супраць збяднення людзей у сувязі з ростам коштаў на тавары, паслугі і замаражванне заробкаў. У адказе чыноўніка сказана, што заява Рыгора Грыка парушае артыкул 5 Закона Рэспублікі Беларусь ад 30.12.1997 № 114-З “Аб масавых мерапрыемствах” (у рэдакцыі Закона РБ ад 08.11.2011 № 308-З). Праўда, якую норму закона парушыў заяўнік, супрацоўнік ідэалагічнага аддзела гарвыканкама Сяргей Пяцігораў адмовіўся назваць.
Сёлета гэта ўжо чацверты запар пікет, які не дазваляе Баранавіцкі гарвыканкам. З пачатку года былі забаронены пікеты, якія планавалі правесці грамадскія актывісты Віктар Цяпін, Рыгор Дружынін і двойчы Рыгор Грык.