У адносінах да Аляксандра Крутога захаваныя захады прымусовага лячэньня
У судзе Маскоўскага раёну Менска прайшло паўторнае судовае паседжаньне па справе Аляксандра Крутога пад старшыньствам суддзі Яўгена Хаткевіча. Паседжаньне адбывалася ў закрытым рэжыме па хадайніцтве пракурора Ваньковіча і пацярпелай, галоўнага ўрача паліклінікі №32 г. Менска Валянціны Чупрык.
Суд прыняў рашэньне аб неабходнасьці ўжываньня захадаў бясьпекі і лячэньня ў адносінах да Аляксандра Крутога.
Аляксандр Круты прадстаўляў інтарэсы сваёй дачкі, Інэсы Крутой, пацярпелай ад тэракту ў менскім метро, у працэсе па абвінавачаньні Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва.
20 верасьня 2011 года Аляксандар Круты быў затрыманы міліцыяй у Менску паводле абвінавачаньня ў хуліганстве. 22 верасьня старшыня ў судзе па тэракце Аляксандар Федарцоў часткова зачытаў пастанову аб затрыманьні Крутога. У ёй сказана, што Круты «17 жніўня, знаходзячыся ў кабінэце адной з медыцынскіх устаноў Менску, наўмысна ўчыніў хуліганскія дзеяньні з асаблівым цынізмам і зьнявагай да нормаў маралі». Гэта праявілася ў тым, што ён «выліў зьмесьціва двух слоікаў з мачой на галоўнага ўрача». Паводле накіраваньня пракурора Круты быў адпраўлены ў Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтар псыхічнага здароўя (Навінкі).
Ад 20 верасьня Аляксандр Круты знаходзіўся ў СІЗА Жодзіна, а 29 лістапада яго накіравалі ў СІЗА №1 Менска на Валадарскай.
10 лютага адбыўся разгляд касацыйнай скаргі ў Менгарсудзе. Папярэдняе судовае рашэньне было адмененае Менскім гарадскім судом і накіраванае на новы разгляд, аднак Аляксандра Крутога з-пад варты не вызвалілі.