viasna on patreon

Беларусь: Праваабаронцам забаронены выезд за мяжу!

2012 2012-03-19T09:56:02+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/absiervatoryjapaabaroniepravaabaroncau-logo.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў

Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў

Парыж-Жэнева

16 сакавіка 2012 г. 

Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў, сумесная праграма Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) і Сусветнай арганізацыі супраць катаванняў (OMCT), выказвае шкадаванне з нагоды серыі абмежаванняў на паездкі, накладзеных беларускімі ўладамі ў дачыненні да праваабаронцаў на фоне пагаршэння дыпламатычных стасункаў паміж ЕС і Беларуссю. 

11 сакавіка 2012 года намесніку старшыні Праваабарончага цэнтра “Вясна” сп. Валянціну Стэфановічу быў забаронены выезд з краіны памежнікамі пункту “Каменны лог” на беларуска-літоўскай мяжы. Ніякіх тлумачэнняў пра прычыны гэтай адмовы яму прадастаўлена не было.
 
13 сакавіка 2012 года пра “забарону на выезд” паведамілі сябру Беларускага Хельсінкскага Камітэта (БХК) сп. Алегу Гулаку. Як паведамляецца, забарона была выдадзена 5 сакавіка 2012 года аддзелам па міграцыі і грамадзянстве Фрунзенскага раёна г. Менска нібыта па просьбе Міністэрства юстыцыі ў сувязі з грамадзянскім пазовам, пададзеным супраць сп. Алега Гулака. Аднак, калі сп. Гулак звярнуўся ў Міністэрства юстыцыі для атрымання дадатковай інфармацыі пра гэты так званым судовым працэс, яму паведамілі, што ніякая справа супраць яго не ўзбуджалася. 

Пасля гэтага, раніцай 14 сакавіка 2012 года, сп. Андрэя Дынько, галоўнага рэдактара ​​ незалежнай газеты “Наша Ніва”, якая рэгулярна паведамляе пра парушэнні правоў чалавека, праінфармавалі, што ён знаходзіцца ў спісе грамадзянаў, якім забаронена пакідаць Беларусь, і ён быў вымушаны выйсці з цягніка “Менск-Вільня”. Без тлумачэння прычынаў памежнікі загадалі яму вярнуцца ў Менск, параіўшы звяртацца ў Дэпартамент па грамадзянстве і міграцыі па месцы жыхарства для атрымання дадатковай інфармацыі. 

15 сакавіка 2012 года старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) спн. Жанне Літвіной падчас праходжання пашпартнага кантролю ў аэрапорце Менска, калі яна збіралася ляцець у Варшаву, паведамілі, што ёй таксама часова забаронены выезд за мяжу. У яе пашпарт, як паведамляецца, быў пастаўлены штамп “выезд часова абмежаваны”. 

У той жа дзень, старшыня юрыдычнай камісіі БХК сп. Гары Паганяйла звярнуўся ў Дэпартамент па грамадзянстве і міграцыі аддзела ўнутраных спраў, каб высветліць, ці забаронены яму выезд за мяжу, які ён планаваў здзейсніць. У выніку настойлівых патрабаванняў яму паведамілі, што яму сапраўды забаронены выезд з краіны ад 5 сакавіка 2012 года па просьбе Міністэрства юстыцыі на падставе справы пра пазыкі, распачатай супраць яго. Тым не менш, Міністэрства юстыцыі пазней заявіла, што сп. Гары Паганяйла не знаходзіцца ў спісе асобаў з абмежаваннямі выезду за мяжу. Ніякіх тлумачэнняў з нагоды вышэйзгаданай справы пра пазыкі яму прадастаўлена не было. 

З пачатку сакавіка выезд з краіны быў таксама забаронены некалькім іншым асобам, у тым ліку шэрагу апазіцыйных дзеячаў. 

Як паведамляецца, у пачатку сакавіка 2012 года беларускія ўлады разглядалі магчымасць складання спісу з 108 асобаў, праваабаронцаў і актывістаў апазіцыі, з мэтай забараніць ім выезд з краіны. 
Такая жорсткая рэакцыя з боку беларускіх уладаў падаецца прамым актам помсты за пашырэнне Еўрапейскаім саюзам (ЕС) спісу беларускіх чыноўнікаў, якія падпадаюць пад дзеянне візавых абмежаванняў, і замарожванне актываў у ЕС. У лютым 2012 года міністры замежных справаў ЕС сапраўды дадалі ў чорны спіс яшчэ 21 беларускага чыноўніка, у выніку чаго іх агульная колькасць перавысіла 200 чалавек. 

Абсерваторыя асуджае серыю забаронаў на перамяшчэнне ў дачыненні да праваабаронцаў і нагадвае, што Артыкул 12.2 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах (МПГПП), удзельніцай якога Рэспубліка Беларусь з’яўляецца з 12 лістапада 1973 года, прадугледжвае, што “кожны мае права свабодна пакідаць любую краіну, уключаючы сваю ўласную”. Абсерваторыя выказвае шкадаванне, што, наклаўшы забароны на выезд праваабаронцаў за мяжу, беларускія ўлады перашкаджаюць ім ажыццяўляць сваю праваабарончую дзейнасць і тым самым парушаюць Дэкларацыю аб праваабаронцах, прынятую Арганізацыяй Аб’яднаных Нацыяў у 1998 годзе.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства