17 чэрвеня судзьдзя Гомельскага абласнога суду Алена Краўчанка задаволіла зыск пра ліквідацыю самага ўплывовага ў рэгіёне грамадзкага аб’яднаньня “Грамадзянскія ініцыятывы” (Радыё Свабода)
Казімер Яноўскі, Гомель
Управа юстыцыі напісала ў пазове пра ліквідацыю, што “Грамадзянскія ініцыятывы” парушаюць дэкрэт №8, выкарыстоўваюць аргтэхніку ад замежных фундатараў для вырабу агітацыйных матэрыялаў і правядзеньня агітацыйна-масавай работы сярод насельніцтва, і судзьдзя Краўчанка ўсьлед паўтарыла: “Выкарыстоўваюць!” У зыску сказана, што “Ініцыятывы” парушаюць парадак прыёму ў сябры аб’яднаньня, і судзьдзя канстатуе: “Парушаюць!”
Вось што сказаў пасля зачытаньня рашэньня суду юрыст “Ініцыятываў” Леанід Судаленка:
(Судаленка: ) “Дадзенае рашэньне ня мае нічога агульнага з такім разуменьнем, як права”.
Старшыня “Грамадзянскіх ініцыятываў” Віктар Карнеенка лічыць, што ліквідацыя аб’яднаньня падсякае ўвесь “трэці сэктар” рэгіёну напярэдадні буйных палітычных падзеяў – парлямэнцкіх выбараў, магчымага рэфэрэндуму адносна працягу паўнамоцтваў Аляксандра Лукашэнкі і анэксіі Беларусі Расеяй.
(Карнеенка: ) “Знішчаецца не адна арганізацыя, а, як мінімум, ускладняецца дзейнасьць яшчэ каля сотні структураў грамадзянскай супольнасьці. Наша аб’яднаньне самае разгалінаванае ў вобласьці. Мы вельмі актыўна ўдзельнічаем у масавых палітычных кампаніях, якія праводзяцца пад эгідай дзяржавы. Мы ня маем уласных прэтэнзіяў на ўладу, але вельмі пільна адсочваем выкананьне заканадаўства. Наш удзел у гэтым працэсе выяўляе кожны раз да тысячы і болей парушэньняў заканадаўства ўладамі. Відавочна, што ўлада рыхтуецца да новых масавых палітычных кампаніяў – выбараў, рэфэрэндумаў. І ім здаецца, што міжнародная грамадзкасьць, калі зьліквідаванае наша аб’яднаньне, не атрымае аб’ектыўнай карціны ў Гомельскай вобласьці. Памыляюцца!”
Прадстаўнік праваабарончага цэнтру “Вясна” Анатоль Паплаўны лічыць зусім не выпадковымі судовыя працэсы над грамадзкімі аб’яднаньнямі Беларусі:
(Паплаўны: ) “Пайшла пэўная “зачыстка” грамадзкіх арганізацыяў. Я ня выключаю, што “зачыстка” распачнецца хутка і сярод палітычных партыяў”.
На трывожную тэндэнцыю расправы ўладаў з грамадзкімі арганізацыямі з дапамогаю судоў звярнула ўвагу і былая старшыня Гомельскага гарсавету Святлана Гальдадэ.
Рашэньне судзьдзі Краўчанкі “Грамадзянскія ініцыятывы” наважаныя абскарджваць у вышэйшых судовых інстанцыях, а калі спатрэбіцца, то і ў міжнародных структурах.