Супольная малітва за выратаванне Сяргея Каваленкі
На Берасцейшчыне пачалася малітва за выратаванне жыцця Сяргея Каваленка. Супольную бесперапынную малітву за моц Сяргея, за яго здароўе і за тое, каб ён спыніў галадоўку прапанавала сваім сябрам і аднадумцам брэсцкая актывістка Ірына Лаўроўская.
- Сяргей Каваленка сваёй галадоўкай змагаецца не толькі за нацыянальныя сімвалы, за чалавечую годнасць, ён змагаецца за нашу слабасць, за наш страх. Але ягонае жыццё патрэбна будучыні Беларусі, патрэбна яго дзеткам і яго сям’і, - кажа спадарыня Ірына.
Яна ўпэўнена, дапамагчы Сяргею можа толькі Бог, таму запрашае ўсіх людзей добрай волі спрычыніцца да малітвы за Сяргея Каваленку. Хрыстос напамінаў вучням аб неабходнасці і важнасці малітвы супольнай: "Сапраўды кажу вам, калі двое з вас згодзяцца на зямлі прасіць аб якой-кольвек рэчы, то чаго б ні папрасілі, будзе ім ад Айца Майго нябеснага. Бо дзе двое ці трое сабраныя ў імя маё, там і Я сярод іх" (Мц 18:19-20).