Змітру Бандарэнку не прысвоілі групу інваліднасці
Каардынатару кампаніі «Еўрапейская Беларусь», даверанай асобе кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава на выбарах-2010 Змітру Бандарэнку, які адбывае пакаранне ў магілёўскай калоніі № 15, не прысвоілі групу інваліднасці. Такое рашэнне прыняла міжведамасная навукова-экспертная камісія 2 сакавіка на пасяджэнні, якое прайшло ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры медыцынскай экспертызы і рэабілітацыі ў Гарадзішчы (Мінскі раён), паведаміла жонка Бандарэнкі Вольга.
Пры гэтым у камісіі жонцы Бандарэнкі паведамілі, што яе члены «правялі вялікую работу, абтэлефанавалі па працоўнай кніжцы ўсе былыя месцы працы і вучобы, думаючы ў тым ліку і пра яго працаўладкаванне пасля вызвалення». «Цяпер Змітру не будзе ніякіх патуранняў, нягледзячы на стан здароўя. Яго прымусяць працаваць», — лічыць Вольга Бандарэнка.
Нагадаем, Зміцер Бандарэнка асуджаны на два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Адразу пасля арышту ў снежні 2010 года ў яго абвастрыліся хранічныя захворванні, у ліпені яму зрабілі аперацыю на пазваночніку ў 5-й клінічнай бальніцы Мінска. У канцы студзеня гэтага года Бандарэнку ўзмацнілі жорсткасць умоў утрымання ў калоніі, нягледзячы на цяжкі стан здароўя. Асуджанаму, у прыватнасці, забаранілі карыстацца кастылём, на які ён абапіраўся пры хадзьбе, насіць мяккі абутак, які яму перадала жонка, абавязалі выходзіць на працу, на паверку на пляц, хадзіць у страі.
1 лютага Зміцер Бандарэнка падаў прашэнне аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі. Пасля гэтага яму дазволілі карыстацца кастылём.