viasna on patreon

Адвакаты самі сабе затыкаюць раты

2012 2012-03-02T14:11:34+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/advakatura-rb.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У рэдакцыю газеты "Наша Ніва" трапіла копія ліста № 01-25/488 "Аб інтэрв'ю адвакатаў ў СМІ» за подпісам старшыні Рэспубліканскай калегіі адвакатаў В. Чайчыц. У ім адвакатам рэкамендуюць ўзгадняць інтэрв'ю ў СМІ з загадчыкамі юрыдычнымі кансультацыямі, старшынямі калегій і іх намеснікамі. На намеснікаў старшыні ўскладзены абавязак у абавязковым парадку вывучаць інтэрв'ю адвакатаў, якія з'яўляюцца ў СМІ, і накіроўваць іх у Рэспубліканскую калегію. Ліст з такім патрабаваннем атрымалі абласныя і Мінская гарадская калегіі адвакатаў. Кожны адвакат быў азнаёмлены з ім пад подпіс. Звязана гэта з тым, што "што часцяком у сродках масавай інфармацыі, часцей у электронных, з'яўляюцца інтэрв'ю асобных адвакатаў са скажонай, у тым ліку і па віне журналістаў, інфармацыяй".

 Апублікаваны ліст атрымаў вялікі грамадскі рэзананс. Абмеркаванні звяліся да адзінай высновы аб тым, што такім чынам адвакатаў спрабуюць абмежаваць у любой актыўнасці, а таксама запалохаць, каб тыя не браліся за палітычныя справы. У 2011 годзе 6 адвакатаў, якія абаранялі удзельнікаў акцыі 19 снежня, былі пазбаўленыя ліцэнзій на ажыццяўленне адвакацкай дзейнасці.

Прадстаўнік Інфармацыйна-асветніцкай установы «Платформа» звязаўся па тэлефоне з В. Чайчыц і задаў прамое пытанне пра тое, каму належыць гэтая ініцыятыва - Мінюсту альбо аўтару ліста. Атрыманы адказ развеяў усе сумневы. «Усё, што я раблю, я раблю выключна па асабістай ініцыятыве» - заявіў старшыня РКА.

У апошні год, асабліва пасля падзеяў 19 сьнежня 2010 г. на розных узроўнях абмяркоўвалася пытанне аб узмацненні ўмяшання дзяржавы ў асобе Міністэрства юстыцыі ў дзейнасць адвакацкай супольнасці, якое прывяло да фактычнай страты незалежнасці інстытута адвакатуры. У грамадскай думцы сфармаваўся стэрэатып, згодна з якім адзіным вінаватым ва ўсіх бедах і праблемах у беларускай адвакатуры з'яўляецца Мінюст. Самі адвакаты ў сітуацыі, якая склалася, выглядаюць як ахвяры рэпрэсій і пераследаў, у тым ліку і за інтэрв'ю і публікацыі ў СМІ. Асабістая ініцыятыва кіраўніка Рэспубліканскай калегіі адвакатаў В. Чайчыц, выкладзеная ў апублікаваным лісце, выходзіць за рамкі гэтага стэрэатыпу. Аказваецца і без умяшання Мінюста адвакаты самі сабе могуць закрыць раты. Бо так  спакайней, і адвакацкія ліцэнзіі цалей будуць. А за незалежнасць, самакіраванне і карпаратыўнасць адвакатуры хай змагаюцца праваабаронцы і недзяржаўныя грамадскія арганізацыі. Прадстаўнікі менавіта гэтых арганізацый перыядычна звяртаюцца ў міжнародныя структуры за абаронай для канкрэтных адвакатаў, а таксама робяць хоць нешта для адстойвання незалежнасці самога інстытута адвакатуры. Бо толькі незалежны ад дзяржаўных органаў адвакат, які пазбаўлены страху страціць сваю ліцэнзію, можа працаваць эфектыўна, абараняючы інтарэсы кліента. Гэтая аксіёма не патрабуе доказаў.

Ініцыятыва кіраўніцтва беларускай адвакатуры ў выглядзе апублікаванага ліста супярэчыць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, заканадаўчым актам, які рэгулюе адвакацкую дзейнасць і нормам міжнароднага права.

Адвакат, як і любы чалавек, павінен карыстацца свабодай выказвання меркавання, і не дапушчальна абмяжоўваць гэтую свабоду толькі таму, што ён працуе адвакатам. Больш за тое, свабода слова адваката - гэта яго зброя ў барацьбе за інтарэсы кліента. І затыкаць яму рот, ствараючы абмежаванні для рэалізацыі гэтага права шляхам устанаўлення неабходнасці ўзгаднення інтэрв'ю з кім бы там ні было, - гэта значыць адбіраць у адваката яго галоўную зброю - слова.

Бо страх адваката выказацца услых публічна аб парушэннях законных правоў кліента цягне за сабой страшныя наступствы. Тут гаворка ідзе ўжо не аб эфектыўнасці аказваемай адвакатам юрыдычнай дапамогі, гаворка ідзе аб абсалютнай бессэнсоўнасці аплочанай кліентам працы адваката. Гэта не юрыдычная дапамога, а юрыдычная шкода.

Уявіце сабе сітуацыю, калі адвакат, атрымаўшы ад кліента ганарар за абарону па справе, пэўна ведае, што правы кліента парушаныя. Адвакату, калі ён спецыяліст сваёй справы, абсалютна зразумела, што трэба ў адпаведнасці з заканадаўствам заяўляць аб парушэнні правоў. Ён абавязаны гэта зрабіць, паколькі ў гэтым і ёсць сутнасць яго працы. Але адвакат гэтага не робіць з-за страху. Страху страціць працу. Ніхто ж рот адвакату не затыкаў - ён сам прамаўчаў. У выніку аб парушэнні правоў кліента ніхто акрамя яго ўласнага адваката не пазнаў, а самі парушаныя правы кліента так і засталіся неабароненымі. Такія наступствы адвакацкай самацэнзуры.

Натуральна, што, з аднаго боку, адвакат нясе падвышаную адказнасць за свае выказванні, зробленыя публічна ў прафесійнай якасці, паколькі ён з'яўляецца ўдзельнікам працэсу адпраўлення правасуддзя і на яго ўскладзеная грамадская функцыя па прававой асвеце насельніцтва. З іншага боку, выконваючы свае абавязкі выкарыстоўваць усе спосабы для абароны кліента, адвакат абавязаны не маўчаць там, дзе звычайны чалавек можа не выказваць свайго меркавання.

У тым выпадку, калі адвакат выказаўся добрасумленна, у адпаведнасці з інтарэсамі кліента і грамадскай цікавасцю да праблемы, абмежаванне волі выказвання недапушчальна, бо фактычна гэта з'яўляецца процідзеяннем выкананню прафесійнага і грамадскага абавязку.

У студзені-лютым 2011 адвакаты атрымалі прадпісанні Мінюста за выказванні, якія былі праўдзівымі і сапраўды адлюстроўвалі абуральныя парушэнні правоў іх падабаронных, абвінавачаных па падзеях на Плошчы. Прычым у СМІ адвакаты выступалі ўжо пасля таго, як імі былі накіраваныя скаргі ў кантралюючыя органы, і не было адэкватнай рэакцыі з боку дзяржавы. Гэтыя выступы былі сродкам прыцягнення ўвагі да парушэнняў і відавочна былі зробленыя ў інтарэсах кліентаў, а таксама была задаволена абгрунтаваная грамадская цікавасць да праблемы. Аднак Мінюст расцаніў гэтыя выказванні як некарэктныя, якія негатыўна ацэньваюць працу дзяржорганаў і супярэчаць Закону аб адвакатуры і вынес афіцыйныя прадпісанні 5 адвакатам. У далейшым гэтыя прадпісанні паслужылі падставай для спынення дзеянняў іх ліцэнзій.

Безумоўна, што існуе неабходнасць ўстанаўлення дзяржавай дадатковых гарантый належнага ажыццяўлення адвакатам яго прафесійнай дзейнасці, накіраваных на абарону асобы адваката, а таксама нематэрыяльных дабротаў. Гэта падкрэсліваецца ў Асноўных палажэннях аб ролі адвакатаў, прынятых Восьмым Кангрэсам ААН па папярэджанні злачыннасці і абыходжання з правапарушальнікамі ў Гаване ў 1990 год. Да такіх гарантыяў адносяцца, у прыватнасці, прафесійная незалежнасць адваката, свабода выказвання думкі, перакананняў і сходаў адвакатаў.

Згодна з Рэкамендацыямі Камітэта Міністраў Савета Еўропы аб свабодзе ажыццяўлення прафесіі адваката ад 25 кастрычніка 2000 г. № R (2000)21 дзяржаве прадпісана: прыняць усе магчымыя меры для таго, каб паважаць, абаранялася і заахвочвалася свабода ажыццяўлення прафесіі адваката без дыскрымінацыі і неправамернага ўмяшання органаў улады або грамадскасці (Прынцып I п. 1).

Адступленне ад згаданых вышэй прынцыпаў абсалютна непрымальнае для дэмакратычнай прававой дзяржавы, якім згодна з артыкулам 1 Канстытуцыі, з'яўляецца Рэспубліка Беларусь.

Аднак на практыцы абмежаванне правоў адвакатаў на выступы, інтэрв'ю, публікацыі ў СМІ не вытрымлівае ніякай крытыкі, паколькі яно ўшчамляе свабоду слова адваката і супярэчыць пункту 14 Стандартаў незалежнасці юрыдычнай прафесіі (Міжнародная асацыяцыя юрыстаў, 1990), згодна з якім «адвакаты не павінны, у сувязі з ажыццяўленнем імі сваёй прафесійнай дзейнасці, пазбаўляцца свабоды веравызнання, выказвання сваіх думак, правы збірацца або аб'ядноўвацца ў саюзы, і, у прыватнасці, ім павінна быць прадастаўлена права ўдзельнічаць у абмеркаванні грамадскасцю праблем, звязаных з правам і арганізацыяй сістэмы юстыцыі».

У п. 13 Стандартаў незалежнасці юрыдычнай прафесіі Міжнароднай Асацыяцыі Юрыстаў, прынятых на Канферэнцыі МАЮ  ў верасні 1990 г. ў Нью-Ёрку паказана: юрыстам павінны быць прадастаўлены такое абсталяванне і магчымасці, якія неабходныя для эфектыўнага выканання імі прафесійных абавязкаў, у тым ліку <...> права свабодна шукаць, запатрабаваць, атрымліваць і, згодна з прафесійным нормам, распаўсюджваць інфармацыю і ідэі, якія адносяцца да іх прафесійнай дзейнасці».

 Абсалютна непрымальнай з'яўляецца «рэкамендацыя» старшыні РКА аб тым, што адвакат павінен узгадняць інтэрв'ю ў СМІ з загадчыкам юрыдычнай кансультацыяй ці старшынёй прэзідыума калегіі адвакатаў.

 Дадзенае становішча супярэчыць дзеючаму Закону "Аб адвакатуры", у адпаведнасці з якімі ў сваёй дзейнасці адвакат незалежны, падпарадкоўваецца толькі закону, і пры ажыццяўленні сваёй прафесійнай дзейнасці карыстаецца свабодай слова ў вуснай і пісьмовай формах ў межах, вызначаных задачамі адвакатуры і палажэннямі гэтага Закона. Прапанова якіх-небудзь «узгадненняў» не толькі абразлівая для адвакатаў, але і не адпавядае закону, які гарантуе адвакату права карыстацца свабодай слова.

У адпаведнасці з арт. 23 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь кожнаму гарантуецца свабода меркаванняў, перакананняў і іх свабоднае выказванне.

Згодна з арт.5 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб сродках масавай інфармацыі» ў Рэспубліцы Беларусь кожнаму гарантуюцца свабода меркаванняў, перакананняў і іх свабоднае выказванне.

У сілу п. 2 ст.19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах кожны чалавек мае права на свабоднае выказванне свайго меркавання; гэта права ўключае свабоду шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць усялякага роду інфармацыю і ідэі, незалежна ад дзяржаўных межаў, вусна, пісьмова ці праз друк альбо мастацкія формы выказваньня ці іншымі спосабамі па свайму выбару. Гэта права можа быць абмежавана толькі законам для павагі правоў і рэпутацыі іншых асоб і для аховы дзяржаўнай бяспекі, грамадскага парадку, здароўя або маралі насельніцтва. Правілы адвакацкай этыкі, аднак, законам не з'яўляюцца.

У адпаведнасці з арт. 23 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь абмежаванне правоў і свабод асобы дапускаецца толькі ў выпадках, прадугледжаных законам, у інтарэсах нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны маральнасці, здароўя насельніцтва, правоў і свабод іншых асоб.

Складана сказаць, што старшыня РКА В. Чайчыц абараняў, выдаючы падобны ліст, - інтарэсы нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны маральнасці, здароўя насельніцтва, правоў і свабод іншых асоб, - але відавочна, што рэалізацыя адвакатамі права на свабоду слова яго не цікавіла.

30 сьнежня 2011 г Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь падпісаў новы Закон "Аб адвакатуры і адвакацкай дзейнасці", які ўступіць у сілу 6 красавіка 2012. Аб свабодзе слова для адвакатаў там няма ні слова. А «рэкамендацыйны» ліст кіраўніка Рэспубліканскай калегіі адвакатаў В. Чайчыц ужо дзейнічае. Са студзеня 2012 год усе адвакаты абавязаны ўзгадняць інтэрв'ю ў СМІ з кіраўніцтвам. Ці не па гэтай прычыне адвакаты самі сабе зачынілі раты?

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства