Асуджаныя па “справе менскіх анархістаў” не могуць дачакацца рашэння па наглядных скаргах з Вярхоўнага суда
Восенню 2011 года праваабарончыя арганізацыі, палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі Беларусі і Еўропы прызналі іх палітычнымі вязьнямі. Апошняя акалічнасць і стала прычынай таго, што, прызначаны быць вышэйшым судовым органам краіны, Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь адкрыта і груба парушыў правы гэтых людзей.
Мікалай Дзядок падаў наглядную скаргу ў Вярхоўны суд у сярэдзіне снежня 2011 года. Ігар Аліневіч і Аляксандр Францкевіч свае скаргі накіравалі ў суд яшчэ раней – у лістападзе. Згодна з арт. 408 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу, скарга павінна быць разгледжана не пазней аднаго месяца з дня яе паступлення, а ў выпадку выпатрабавання крымінальнай справы – не пазней аднаго месяца з дня паступлення справы. Крымінальная справа паступіла ў Вярхоўны суд у снежні 2011 года. Аднак, да гэтага часу ніхто з асуджаных не атрымаў рашэнне суда па скарзе.
Справа ў тым, што да нагляднай скаргі Мікалая Дзядка дадаліся новыя абставіны, якія абавязваюць Вярхоўны суд вынесці рашэнне аб яго вызваленні. Мікалай Дзядок нарадзіўся неўзабаве пасля Чарнобыльскай катастрофы і нейкі час з бацькамі пражываў у г. Брагін Гомельскай вобласці. Жыхарам падобных абласцей выдаецца так званае “чарнобыльскае пасведчанне”, якое падае яго ўладальнікам шэраг ільгот. Артыкул 1 Закона аб амністыі, які ўступіў у сілу 7 ліпеня 2010 года, прадугледжвае вызваленне ад пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі са здыманнем судзімасці асоб, пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Менавіта гэтая акалічнасць была дададзена ў наглядную скаргу Мікалая Дзядка, паколькі суд Брагінскага раёна законна прызнаў юрыдычны факт яго пражывання ў г. Брагіне, на падставе чаго яму было выдадзена адпаведнае пасведчанне. Большая частка ільгот, якія прадстаўляюцца “чарнобыльцам” была скасаваная ў 2007 годзе, таму раней Мікалай у афармленні пасведчання не меў патрэбу. Такім чынам, кіруючыся Законам аб амністыі, Вярхоўны суд абавязаны быў вызваліць Дзядка ад пакарання. Замест гэтага Вярхоўны суд пачаў праверку абгрунтаванасці выдачы Мікалаю гэтага пасведчання, хоць юрысты сцвярджаюць, што суды і іншыя органы пры прымяненні амністыі кіруюцца належна аформленым дакументам і ніколі праверку яго не праводзяць. Аднак у дачыненні да палітычных зняволеных закон і практыка яго прымянення не дзейнічаюць. Вярхоўны суд усяляк цягне час, усімі даступнымі спосабамі спрабуючы незаконна ўтрымліваць Мікалая ў зняволенні, выяўляючы баязлівасць і нежаданне без указання зверху прымаць законнае рашэнне, распісваючыся ва ўласным бяссіллі. Па ўказанні Вярхоўнага суду старшынёй Гомельскага абласнога суда прынесены пратэст на прадмет адмены рашэння суда Брагінскага раёна, у якім паказана аб дапушчаных раённым судом працэсуальных парушэннях пры разглядзе справы і тлумачыцца, што для атрымання пасведчання Дзядку неабходна яшчэ раз прайсці праз некалькі дзяржаўных органаў і суд, а з дня паступлення нагляднай скаргі ў Вярхоўны суд прайшло ўжо больш за два месяцы. Такім чынам Вярхоўны суд пазбавіў М. Дзядка магчымасці рэалізаваць свае законныя правы на прымяненне Закона аб амністыі.
Неабходна нагадаць, што ў перыяд знаходжання нагляднай скаргі ў Вярхоўным судзе Мікалая наведаў супрацоўнік цэнтральнага апарата Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю МУС Беларусі Аляксандр Літвінскі, якога асабліва цікавіла, ці змяніў асуджаны свае перакананні за час зняволення, ці раскаяўся ён у “зробленым”. Магчыма, адмоўны адказ Дзядка пра тое, што яму няма ў чым раскайвацца, бо ён злачынстваў не здзяйсняў, і даў ход ўсім наступным дзеянням Вярхоўнага суда.