Алеся Бяляцкага перавялі ў бабруйскую калонію
Пра гэта паведаміла жонка праваабаронцы Наталля Пінчук, якая 28 лютага наведала менскае СІЗА-1.
Інфармацыю пра перавод мужа ёй даў дзяжурны СІЗА.
На этапе перапраўкі ў калонію ў менскім СІЗА Алесь Бяляцкі прабыў 11 дзён. З жодзінскай турмы № 8 на “Валадарку” яго прывезлі 17 лютага. Пра гэта ён паведаміў сваім сябрам у лісце на мінулым тыдні.
У Бабруйскай папраўчай калоніі №2 старшыня Праваабарончага цэнтра “Вясна” мусіць адбываць пакаранне паводле прысуду суда Першамайскага раёна Менска – 4,5 гады пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Суддзя Сяргей Бандарэнка прызнаў яго вінаватым ва ўхіленні ад падаткаабкладання. Сваёй віны Алесь Бяляцкі не прызнаў, назваўшы прысуд палітычным. Грошы на яго рахунках у Літве і Польшчы не з’яўляліся яго ўласнасцю, а накіроўваліся на дапамогу рэпрэсаваным, аплату адвакатаў і іншыя праваабарончыя патрэбы. Судовая калегія Менгарсуда, якая 24 студзеня разгледзела касацыйную скаргу праваабаронцы, пакінула прысуд у сіле.
Паштовы адрас калоніі: ПК №2. 213800, Магілёўская вобл., г. Бабруйск, вул. Сікорскага, 1.