Ператрус у кватэры наваполацкай актывісткі
Супрацоўнікі КДБ і міліцыі правялі 16 лютага ператрус у кватэры наваполацкай актывісткі Вольгі Дамаскінай (на фота). Ператрус быў праведзены ў сувязі з крымінальнай справай, распачатай у красавіку 2010 года па артыкуле 341 КК. Падчас ператрусу былі канфіскаваныя кампутар і ноўтбук, а таксама СD і DVD дыскі.
Дадзеная крымінальная справа была заведзена практычна 2 гады таму пасля з'яўлення ў Наваполацку некалькіх «апазіцыйных» надпісаў. У цяперашні час падазраваным па гэтай справе раптам стаў праходзіць сын актывісткі Дзмітрый Рыжычэнка (на фота).
Як распавядае сам Рыжычэнка, яго ўжо каля паўтары гады настойліва схілялі да супрацоўніцтва з органамі КДБ, патрабавалі паведамляць пра дзейнасць маці і сваю уласную - Дзмітрый разам з сябрамі займаецца дабрачыннай дзейнасцю. «Ніякай палітыкі - мы наведваем дзіцячы прытулак, робім з дзецьмі ўрокі, прыносім трохі прысмакаў», - удакладняе малады чалавек.
Некалькі дзён таму маладога чалавека выклікалі да дырэктара Наваполацкага політэхнічнага каледжа А.П.Ляховіча, дзе ён навучаецца на 3 курсе. З размовы з дырэктарам і адміністрацыяй Дзмітрый даведаўся, што ў каледж прыходзіў супрацоўнік КДБ па прозвішчы Юркевіч і настойліва параіў звярнуць увагу на навучэнца Рыжычэнка, які нібыта знаходзіцца ў арганізацыях фашысцкага толку. Адміністрацыя прапанавала Дзмітрыю напісаць заяву на адлічэнне па ўласным жаданні. Ён адхіліў дадзеную прапанову.
Калі Дзмітрый выйшаў з каледжа пасля заняткаў, да яго на вуліцы падышоў супрацоўнік КДБ і папярэдзіў, што калі малады чалавек будзе па-ранейшаму адмаўляцца ад супрацоўніцтва і не прадастаўляць інфармацыю аб асабістымі грамадскім жыцці маці, у яго будуць яшчэ большыя праблемы.
На наступны дзень у каледж была выклікана яго маці Вольга Дамаскіна, з якой адміністрацыя правяла падобную гутарку, падчас якой Дзмітрый абвінавачваўся ў захапленні ідэалогіяй фашызму, вывучэнні гісторыі Трэцяга Рэйха і членстве ў Партыі БНФ. Маці таксама было заяўлена, што яе сын не можа працягваць вучобу па спецыяльнасці «перапрацоўка нафты і газу», паколькі «навучыцца тут хіміі і будзе як Канавалаў».
У цяперашні час адміністрацыя каледжа заяўляе, што збіраецца адлічваць Дзмітрыя Рыжычэнка за пропускі. Невядома адкуль з'явілася таксама вымова, быццам бы вынесеная Дзмітрыю за нездавальняючыя паводзіны яшчэ да Новага года, пра якую сам малады чалавек пачуў толькі цяпер.
Дзмітрый Рыжычэнка напісаў у пракуратуру Наваполацка заявы на супрацьпраўныя дзеянні супрацоўнікаў КДБ і адміністрацыі каледжа.