У Віцебску і ў Воршы забаранілі 7 пікетаў «Справядлівага сьвету»
18 лютага партыйцы зьбіраліся правесьці пікеты супраць пагаршэньня эканамічнага становішча ў краіне, але мясцовыя ўлады адмовілі тром заяўнікам — жыхарам Віцебску і чатыром аршанцам.
Адмовы прыйшлі з трох раённых адміністрацыяў абласнога
цэнтру, паведаміў старшыня абласной арганізацыі партыі левых «Справядлівы
сьвет» Мікалай Селівашка.
Прычына — адсутнасьць дамоваў на абслугоўваньне мерапрыемства
са службамі ЖКГ, мэдыкамі і міліцыяй.
«Нам напісалі, што мы мусім заключыць дамовы, аплаціць паслугі,
а потым ужо ўлады будуць вырашаць, ці даць нам дазвол», — апавёў
старшыня Аршанскай гарадзкой партыйнай арганізацыі Мікалай Дзямідаў.
Ён патлумачыў, што адзін пікет плянаваўся ў мястэчку Барань,
а тры — у самой Воршы. Пікет у гарадзкім парку,
на вызначаным уладамі месцы, меўся быць «эстафэтным»: з 10.00 да
11.00, потым з 12.00 да 13.00, і апошні з 14.00 да
15.00. Партыйцы меркавалі, што такім чынам змогуць прыцягнуць увагу большай
колькасьці землякоў.
«Аднак у выканкаме, мусіць, вырашылі, што гэтая праблема не актуальная.
Бо ўлады ня толькі не дазволілі пікет, але чарговы раз парушылі
заканадаўства, даслаўшы нам адказ не за пяць дзён да акцыі,
як належыць, а толькі за тры. Дакладна такая ж сытуацыя
была месяц таму, калі адказ на заяўкі наконт пікетаў, прысьвечаных
праблеме зьбядненьня насельніцтва, быў таксама дадзены
са спазьненьнем», — заўважыў спадар Дзямідаў.