Праваабаронцы Філіпін выступілі ў падтрымку Алеся Бяляцкага
Праваабаронцы з Філіпін параўналі пераслед старшыні Праваабарончага цэнтру "Вясна" Алеся Бяляцкага з часамі дыктатуры Фердынанда Маркаса, які кіраваў краінай у 1965-1986 гадах.
Старшыня Філіпінскага Альянсу Праваабаронцаў (Philippine Alliance of Human Rights Advocates - PAHRA) Макс дэ Меса адзначыў, што "любая апазіцыя рэпрэсіўнаму рэжыму ці ўладзе будзе заклеймаваная, як злачынства, у тым ліку – прасоўванне і абарона правоў чалавека. Гэта мы адчулі падчас дыктатуры Маркаса".
Намеснік кіраўніка Аператыўнай групы па арыштаваным Філіпін (Task Force Detainees of the Philippines – TFDP) Рыта Меленсіа адзначыла, што такія справы, як справа Алеся Бяляцкага або справа філіпінскага праваабаронцы Тэмагена Тулаві "выяўляюць усё той самы часта палітычны характар абвінавачвання і пераследу праваабаронцаў".
Тэмаген Тулаві займаўся абаронай людзей ад парушэнняў у ходзе ваенных аперацый на востраве Сулу і падчас разні ў муніцыпалітэце Іпіл патрабаваў ажыццяўлення правасуддзя і прыцягнення вінаватых да адказнасці за згвалтаванні жанчын народу Мора. Абвінавачванні ў меркаваным замаху былі вылучаныя губернатарам Сулу Абдусакурам Танам. У цяперашні час Тэмаген Тулаві ўтрымліваецца ў турме горада Давао.