За адмову “адкатваць пальцы” на працоўным месцы -- штраф
Штраф 700 000 беларускіх рублёў вынесла 10-га лютага суддзя Ленінскага раённага суда Гародні Пятрова Алена Аляксандраўна жыхару Гародні Руслану Пецько, да якога яшчэ 27-га снежня 2011 году на працоўнае месца прыйшлі супрацоўнікі міліцыі з патрабаваннем “адкатаць пальцы”.
Для Руслана прыход міліцыі да яго на працу быў нечаканасцю. Ён не мог зразумець, чым аргументаваная такая неабходнасць і запатрабаваў растлумачыць законнасць дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі. Праходзіць дактыласкапію ён адмовіўся.
Супрацоўнікі міліцыі склалі пратакол за непадпарадкаванне законнаму патрабаванню службовай асобе дзяржаўнага органу пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў і перадалі справу ў суд. У судзе не сталі паглыбляцца ў нюансы справы, а проста спаслаліся на Закон Рэспублікі Беларусь “Пра дзяржаўную дактыласкапічную рэгістрацыю”, ды прызналі гарадзенскага актывіста, які нядаўна адстаяў сваё права карыстацца ва ўласным аўтамабілі сімволікай “Пагоня”, вінаватым.