viasna on patreon

У Гародні “Пагоню” адстаялі

2012 2012-02-14T15:51:36+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/pagonia.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Змаганне за права наклеіць выяву “Пагоні” на бакавыя шыбы сваёй уласнай машыны гарадзенец Руслан Пецько пачаў яшчэ летам мінулага году. Тады, 20-га ліпеня, яго выклікалі з працоўнага месца супрацоўнікі гарадзенскага ДАІ за нібыта няправільную паркоўку машыны. Пасля прапанавалі праехаць у аддзел міліцыі, бо службоўцы палічылі, што ў наклейванні выявы беларускага герба “Пагоня” на шыбах прыватнага аўтамабіля Руслана Пецько ёсць нейкае парушэнне. А ўжо там супрацоўнікі міліцыі загадалі Руслану зняць сімволіку, якую яны самыя насілі на сваіх мундзірах на пачатку 90-х гадоў.

Руслан не пагадзіўся з такой вольнай інтарпрэтацыяй і стаў аспрэчваць дзеянні міліцыі. І хоць тады беларуская сімволіка была прымусова знятая з яго аўтамабіля, зараз ён атрымаў ліст з Упраўлення ўнутраных спраў Гарадзенскага аблвыканкаму, дзе было сказана наступнае: “ Паведамляю, што па факту размяшчэння Вамі налепак у Вашым самаходзе з выявай вершніка на чырвона-белым фоне, АУС праверка спынена на падставе п.1 ч.1 арт.9.6. ПВКаАП Рэспублікі Беларусь (адсутнасць факту адміністрацыйнага парушэння, як абставіны, якая выключае адміністрацыйны працэс). Канфіскаваныя плакаты з выявай вершніка на бела-чырвоным фоне Вы можаце забраць у стале знаходак АУС адміністрацыі Ленінскага раёна Гародні”.

Зараз Руслан смела ездзіць з выявамі “Пагоні” і возіць на ўсялякі выпадак з сабой гэтае рашэнне з Аддзела ўнутраных спраў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства