Суд над Сяргеем Каваленкам прызначаны на 21 лютага
Пачатак працэсу ў 10.30. Як паведаміў сваякам віцебскага актывіста ягоны адвакат, у Першамайскім райсудзе Віцебску запланаваныя 4 судовыя пасяджэнні – 21, 22, 23 і 24 лютага. Суддзя Алена Жук будзе разглядаць крымінальную справу, распачатую паводле артыкула 415 "Ухіленне ад адбывання пакарпання".
Сяргея Каваленку вінавацяць у парушэнні рэжыму адбывання "хатняй хіміі" – умоўнага пакарання, прысуджанага яму за бел-чырвона-белы сцяг, вывешаны на навагодняй елцы ў пачатку 2010 году .
Сябар КХП БНФ з абвінавачаннем не згодны, ён лічыць яго помстай за сваю грамадскую дзейнасць. Таму з 19 снежня ён трымае галадоўку пратэсту, абвясціўшы яе яшчэ ў ізалятары часовага ўтрымання і працягваючы ў СІЗА.
Зняволенага адмовіліся выпусціць пад грашовы заклад і родным не даюць дазволу на сустрэчу з ім ў СІЗА. Усе звесткі пра яго – гэта навіны ад адваката, які сустракаецца з падабаронным. Ён гаворыць, што Сяргей дужа схуднеў, дрэнна выглядае, але галадоўку пратэсту спыняць адмаўляецца.