Зняволеныя застануцца без цёплага адзення
Зняволеным у беларускіх турмах забароняць перадаваць цёплыя рэчы. З 1 студзеня наступнага года зімовую вопратку асуджаныя змогуць набываць выключна ў адмысловых крамах на тэрыторыі папраўчай установы.
Пра гэта маці палітычнага вязня Аляксандра Францкевіча паведаміла кіраўніцтва Івацэвіцкай калоніі, дзе адбывае пакаранне яе сын. Паводле міліцэйскай пастановы, з наступнага года набываць цёплую вопратку зняволеныя змогуць толькі з грошай на асабістым турэмным рахунку.
Таццяна Францкевіч:
- Паведамілі, што з наступнага года ўвойдзе ў сілу пастанова, паводле якой сваё адзенне нельга будзе прывозіць. Яго неабходна будзе набываць у адмысловай краме. Альбо насіць тое, што ім будуць выдаваць. Але гэтае адзенне ў вельмі дрэнным стане, яно ношанае і дзіравае.
Паводле Таццяны Францкевіч, грошай – а гэта 175 тысяч беларускіх рублёў на месяц – зняволеным вельмі часта не хапае нават на ежу, не кажучы ўжо пра зімовую вопратку. У сувязі з увядзеннем новых правіл, маці палітычнага вязня заклікае ўсіх людзей, у каго хоць хтосьці з родных знаходзіцца за кратамі, паспрабаваць перадаць у калонію цёплыя рэчы яшчэ цягам гэтай зімы.
Паводле Таццяны Францкевіч, летам падобныя перадачы забароненыя адміністрацыяй.