«Рэпартэры бязь межаў» супраць паклёпу БТ
Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Рэпартэры бязь межаў» асудзіла распачатую беларускім дзяржаўным тэлебачаньнем кампанію паклёпу супраць Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ).
Як вынікае з заявы міжнародных праваабаронцаў, праваабарончая
арганізацыя сур’ёзна паставілася да кампаніі, паклёпніцкі характар якой
нагадвае працэс над праваабаронцам Алесем Бяляцкім. Цяпер жа на мэце —
адзін з самых актыўных цэнтраў незалежнай журналістыкі ва Ўсходняй
Эўропе, сказана ў заяве.
Дзейнасьць БАЖ, падкрэсьліваюць праваабаронцы, стала асабліва важнай
пасьля таго, як беларускія ўлады ў сьнежні 2010 году жорстка здушылі
пратэсты цывільнага насельніцтва і абмежавалі свабоду СМІ. Ціск
на прадстаўнікоў недзяржаўных СМІ працягваўся і летась, калі ў краіне
больш за 100 журналістаў былі арыштаваныя і 34 асуджаныя на доўгія
тэрміны зьняволеньня. Паводле азначэньня «Рэпартэраў», прэзыдэнт
Беларусі Аляксандар Лукашэнка — адзін з найвялікшых ворагаў свабоды
прэсы.
5 лютага ў праграме «Ў цэнтры ўвагі» Беларускае тэлебачаньне зрабіла спробу дыскрэдытаваць Беларускую асацыяцыю журналістаў.
У фільме кіраўніцтва БАЖ абвінавацілі ў атрыманьні грантаў ад амбасады
Вялікай Брытаніі. Былі паказаны дакумэнты, якія нібыта сьведчаць пра
гэта, — безь пячатак і подпісаў. Падставай для праграмы быў названы
ананімны ліст ад нейкага былога сябра БАЖ, які абвінавачвае асацыяцыю
ў нямэтавым выкарыстаньні сродкаў.
У сюжэце пра БАЖ Беларускае тэлебачаньне выкарыстала здымкі схаванай
камэрай, падпільноўвала кіраўніка БАЖ на выхадзе з дома і на вуліцы пад
сьнегам прасіла пракамэнтаваць нейкія паперы. Стваральнікі праграмы
зьвярнуліся таксама да псыхіятра, які па відэа аналізаваў паводзіны
чалавека.