Камісія не рэкамендавала датэрмінова вызваліць Зміцера Бандарэнку
Сёння, 9 лютага, стала вядома, што камісія па
ўмоўна-датэрміноваму вызваленню не будзе рэкамендаваць вызваліць
палітзняволенага Зміцера Бандарэнку датэрмінова.
Пра гэта паведаміла жонка палітвязня Вольга Бандарэнка (на фота) пасля візіту ў
Магілёўскую папраўчую калонію №15.
З яе словаў, адміністрацыя калоніі ціснула на яе мужа, каб ён напісаў прашэнне
аб памілаванні, але калі ён гэта быў вымушаны зрабіць, то камісія паступіла
вось такім чынам.
Праваабаронца Барыс Бухель лічыць што гэта лішні раз паказвае, што Лукашэнка
гаспадар свайго слова.
“Кіраўнік дзяржавы паводзіць сябе па прынцыпу “хачу вызвалю, хачу -- не”. Учора
ён сказаў, што вызваліць – толькі напішыце прашэнне аб памілаванні, а сёння
перадумаў. Сітуацыя з прашэннямі аб памілаванні Саннікава і Бандарэнкі – гэта
навука на будучыню будучым палітвязням”, - гаворыць Барыс Бухель.
Нагадаем, што Зміцер Бандарэнка быў кіраўніком выбарчага штабу кандыдата ў
прэзідэнты Андрэя Саннікава. За ўдзел у “Плошчы” ён быў асуджаны на два гады
пазбаўлення волі. У турме ён перанёс аперацыю на храбту. 1 лютага з-за моцных
боляў у спіне напісаў прашэнне аб памілаванні на імя прэзідэнта.