Праваабарончая праграма “Людзьмі звацца!” на Радыё Рацыя
Кожны аўторак у 15:05 ў эфіры незалежнай радыёстанцыі “Радыё Рацыя” - праграма “Людзьмі звацца!”, якая асвятляе падзеі, датычныя правоў чалавека на Беларусі. Праграма складаецца з рубрык “Хроніка пераследу”, "Падзея тыдня", “Асоба. Дзяржава. Грамадства” ды “Праваабарончы каляндар”.
У гэтым выпуску:
Палітвязень Зміцер Бандарэнка напісаў прашэнне пра памілаванне. Актывісты Салігорска паведамляюць пра чарговыя парушэнні свабоды мірных сходаў. А Баранавіцкія ўлады перашкаджаюць прадстаўнікам украінскай меншасці ў стварэнні ўласнага аб’яднання. Пра гэта ды іншыя факты парушэння правоў чалавека - у “Хроніцы пераследу”.
Шэсць месяцаў таму быў арыштаваны віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека, старшыня Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі. Крымінальны пераслед і яго зняволенне мелі на мэце звесці да мінімуму працу арганізацыі. Аднак - марна. “Вясна” аніякім чынам не зменшыла сваёй актыўнасці. Падрабязнасці - у “Падзеі тыдня”.
Госць рубрыкі "Асоба. Дзяржава. Грамадства" – Юлія Гарачанкова. Дзяўчына, прайшоўшы праз некалькі судовых працэсаў, змагла даказаць сваю невінаватасць у прад’яўленым ёй абвінавачанні. Яшчэ 8 ліпеня мінулага году яе затрымалі падчас адной з “маўклівых серадаў” і асудзілі нібыта за дробнае хуліганства на 5 сутак арышту. Юля абскарджвала прысуд у Менскім гарадскім судзе, але касацыйная інстанцыя падтрымала рашэнне суду Першамайскага раёна Менска пра арышт. І толькі пасля звароту ў Вярхоўны суд адбыўся яшчэ адзін разгляд яе справы. На гэты раз суддзя знайшла памылкі ў сведчаннях міліцыянераў і цалкам апраўдала дзяўчыну. Гэтая гісторыя яшчэ раз паказала, што пры сучасным стане беларускага правасуддзя толькі паслядоўная пазіцыя і воля ісці да канца могуць паспрыяць у справе абароны нашых правоў. Юлія Гарачанкова распавядае пра акалічнасці сваёй судовай эпапеі.
У “Праваабарончым календары” – пра гістарычна значныя факты ў справе абароны праваабаронцаў. 32 гады таму, у лютым 1980-га году, Камісія па правах чалавека ААН прыступіла да распрацоўкі гэтага пытання.
У музычных паўзах – кампазіцыі з апошняга альбому IQ48.
Слухаць выпуск: