viasna on patreon

Савет Рэспублікі: артыкул 193-1 “ахоўвае агульнапрынятыя правы чалавека і яго асноўныя свабоды”

2012 2012-02-03T13:26:32+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/193logo.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Савет Рэспублікі не бачыць неабходнасці ініцыяваць скасаванне артыкула 193-1 Крымінальнага Кодэкса Рэспублікі Беларусь. Інфармацыю пра гэта атрымалі каардынатар кампаніі “Права на веру” Аляксей Шэін і адзін з кіраўнікоў “Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацый Беларусі” (Асамблеі НДА) Сяргей Лісічонак у адказ на свой зварот у заканадаўчы орган.

У лісце з Савету Рэспублікі за подпісам намесьніка старшыні Пастаяннай камісіі па заканадаўству і дзяржаўнаму будаўніцтву Мароза Л.Ф, цьвердзіцца, што “артыкул 193-1 Крымінальнага Кодэкса Рэспублікі Беларусь разам з іншымі нормамі Закона з’яўляецца прававым сродкам барацьбы са злачынствамі, якія парушаюць канстытуцыйныя правы і свабоды грамадзянаў, а таксама парадак і бяспеку ў грамадстве. Паводле нашага меркавання, ён ахоўвае агульнапрынятыя правы чалавека і яго асноўныя свабоды і не парушае міжнародных стандартаў у галіне правоў чалавека”. А на гэтай падставе Савет Рэспублікі не бачыць неабходнасці ініцыяваць скасаванне артыкула 193-1 Крымінальнага Кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Намеснік старшыні Праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч ня згодны з сябрамі Савету Рэспублікі: “Канструкцыя артыкула 193-1 КК РБ супярэчыць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Міжнародаму пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах ды іншым абавязальніцтвам Рэспублікі Беларусь, узятым у межах АБСЕ. Артыкул прадугледжвае крымінальную адказнасьць за любую дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Разам з тым, як Канстытуцыя, так і пакт утрымліваюць пералік дапушчальных абмежаванняў свабоды асацыяцый (у інтарэсах грамадскай альбо дзяржаўнай бясьпекі, грамадскага парадку, здароўя грамадзянаў ды інш). Калі б артыкул 193-1 КК забараняў арганізацыі, якія ставяць на мэце прапаганду вайны, гвалту, экстрэмісцкую дзейнасьць и г.д., то такія абмежаваньні былі б дапушчальнымі. Але, паколькі караецца дзейнасьць любых арганізацый, такія абмежаваньні парушаюць свабоду асацыяцый, гарантаваную Канстытуцыяй і пактам”.

Валянцін Стэфановіч нагадаў пра тое, што ў мінулым годзе выйшла Заключэнне Венецыянскай камісіі адносна артыкулу 193-1 Крымінальнага Кодэкса Рэспублікі Беларусь. У Заключэнні гаворыцца, што артыкул 193-1 парушае Міжнародны пакт аб палітычных і грамадзянскіх правах і з’яўляецца патэнцыйным інструментам для дзяржавы ў стрымліванні грамадскіх актывістаў, дае ўладам шырокія паўнамоцтвы ўмешвацца ў фундаментальнае права на свабоду асацыяцый, свабоду думкі, перакананняў і іх выражэння.

Апроч таго, праваабаронца адзначыў, што розныя прадстаўнікі беларускіх уладаў неаднаразова заяўлялі пра гатовасьць адмяніць артыкул 193-1 КК. Але зараз чамусьці Савет Рэспублікі заняў іншую пазіцыю.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства