viasna on patreon

Закон дзейнічае, а электронныя адрасы не створаны

2012 2012-01-30T17:11:39+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/internet_off.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

З 22 студзеня ўступіў у законную сілу закон “Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб”,  нормы якога прадугледжваюць права грамадзян звяртацца з электронным зваротам да дзяржаўных органаў. Дарэчы, гэты закон быў прыняты Палатай прадстаўнікоў у другім чытанні яшчэ 24 чэрвеня 2011 года, але на Віцебшчыне амаль нічога не зроблена, каб грамадзянін мог скарыстацца гэтым сваім правам.

 

"Камунікаванне праз сусветную павуціну Інтэрнэта значна эканоміць час і сродкі для камунікавання. Відавочна, што за гэтай формай зваротаў будучыня, але Гарадоцкі райвыканкам гэтую будучыню набліжаць не спяшаецца. На афіцыйным сайце Гарадоцкага райвыканкама gorodok.vitebsk-region.gov.by няма ніякай інфармацыі аб электронных адрасах, як старшыні райвыканкама Васіля Муранкова, так і яго падначаленых з розных камітэтаў, не кажучы пра райсавет і іншыя дзяржорганы. Маецца толькі агульны мэйл райвыканкама. Мусіць, не хапіла часу за кіпучай працай, каб стварыць электронныя адрасы камітэтаў і размясціць іх на афіцыйным сайце або ўсе адказы ад начальнікаў камітэтаў і аддзелаў будуць ісці з аднаго мэйла", піша незалежны сайт  www.haradok.info.

 

Перагледзеўшы афіцыйныя сайты ўсіх райвыканкамаў Віцебшчыны, лёгка пераканацца, што і ў іншых рэгіёнах чыноўнікі не парупіліся пра якасць інтэрнэт-сувязі. На кожным сайце ёсьць рубрыка "Улада", але там падаюцца толькі тэлефонныя нумары старшыні, намеснікаў і часам аддзелаў. Зрэшты, не на ўсіх: прыкладам, на сайце Чашніцкага райвыканкаму нават тэлефонаў старшыні і яго намеснікаў няма. Тут, як і на іншых электронных старонках падаецца агульны электронны адрас установы, таксама ёсць магчымасць звярнуцца напасрэдна праз сайт, але, як кажуць, "на вёску да дзядулі" – безадрасна, "у райвыканкам", а не да канкрэтнага адрасату.

 

Амаль усе сайты раённых вертыкаляў падаюць спасылку на тое, што вышэйшым органам з'яўляецца Віцебскі аблвыканкам, паведамляюць адрас, тэлефон і нават агульны электронны адрас гэтай установы. За выключэннем сайту Шаркоўшчынскага райвыканкаму: тут не падалі нават тэлефонаў, абмежаваўшыся графікам працы. Няма тэлефонаў для сувязі з чыноўнікамі і на сайце Аршанскага гарвыканкаму.

 

У сваю чаргу на сайце Віцебскага аблвыканкаму таксама мала што зроблена для зручнасці ахвотных звярнуцца праз інтэрнэт. З 31 структуры, якая фігуруе на старонцы “Камітэты” , электронны адрас маюць толькі 13.  Гэта ўпраўленні аховы здароўя, адукацыі, МНС, унутраных спраў, фінансавае і гд., але не маюць элктронных адрасоў ні юрыдычны аддзел, ні галоўнае ўпраўленне юстыцыі, ні іншыя падраздзяленні.

 

Непасрэдна праз сайт можна звярнуцца хіба ў некалькі структурных падраздзяленняў  Наваполацкага гарвыканкаму. І толькі на сайце Полацкага гарвыканкаму відаць, што чыноўнікі пастараліся прадугледзець магчымасці выканання закону “Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб" – тут ёсць асобная старонка з электроннымі адрасамі ўсіх аддзелаў установы.

 

Паводле паведамлення БЕЛТА ад 18 студзеня, старшыня Віцебскага аблвыканкаму Аляксандр Косінец абяцаў, што "улада застанецца паред людзмі даступнай і адкрытай – гэта яшчэ раз пацвярджае закон аб зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў, які набывае сілу. Закон дазволіць дастаткова эфектыўна весці работу са зваротамі". Аднак першы тыдзень дзеяння новага закону паказвае, што на Віцебшчыне ён пакуль што дзейнічае толькі тэарэтычна, не ўвасобіўшыся ў практыку.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства