viasna on patreon

Заява Абсерваторыі па абароне праваабаронцаў па справе Алеся Бяляцкага

2012 2012-01-25T13:52:17+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/absiervatoryjapaabaroniepravaabaroncau-logo.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў

Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў

Прысуд Алесю Бяляцкаму пакінуты без зменаў: 4,5 гады пазбаўлення волі за абарону правоў чалавека

Парыж-Жэнева, 24 студзеня 2012 года

Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў (сумесная праграма Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека (FIDH) і Сусветнай арганізацыі супраць катаванняў (OMCT)) рашуча асуджае рашэнне, згодна з якім прысуд пра турэмнае зняволенне старшыні Праваабарончага цэнтра “Вясна” і віцэ-прэзідэнта FIDH сп. Алеся Бяляцкага быў пакінуты без зменаў.

24 студзеня Мінскі гарадскі суд пацвердзіў прысуд праваабаронцу Алесю Бяляцкаму ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на чатыры з паловай гады ва ўмовах узмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці, у тым ліку памяшкання, якое выкарыстоўваюцца ў якасці офіса “Вясны”, за “ўтойванне прыбыткаў у асабліва буйным памеры ў адпаведнасці з раней дасягнутымі дамоўленасцямі” згодна з артыкулам 243, частка 2, Крымінальнага кодэкса. Інтарэсы сп. Бяляцкага прадстаўляў ягоны адвакат. Слуханне, якое доўжылася 40 хвілінаў, завяршылася прысудам, вынесеным праз паўтары гадзіны.

Пасля прысуду суда першай інстанцыі 24 лістапада 2011 г. беларускія няўрадавыя арганізацыі пачалі кампанію па зборы грошай для таго, каб пакрыць матэрыяльны ўрон, нібыта нанесены дзяржаве, і судовыя выдаткі, што склала ў агульнай суме 757 526 717 беларускіх рублёў (прыкладна 70 тысяч еўра), у адпаведнасці з прысудам суда першай інстанцыі. За некалькі дзён да разгляду касацыі ўся сума штрафу была сплочана. Чатыры з шасці хадайніцтваў, заяўленых адвакатам сп. Бяляцкага, былі адхіленыя на падставе меркавання калегіі суддзяў пра нібыта відавочную вінаватасць сп. Бяляцкага. Усё гэта прадэманстравала палітычную матываванасць гэтага судовага рашэння.

Абсерваторыя лічыць, што пераслед, затрыманне і асуджэнне сп. Алеся Бяляцкага з’яўляюцца судовым пераследам праваабаронцы за законную праваабарончую дзейнасць, абароненую ўсімі міжнароднымі стандартамі ў галіне правоў чалавека. Дадзеная крымінальная справа была сфабрыкаваная, каб запалохаць і прымусіць замаўчаць грамадзянскую супольнасць Беларусі праз масавыя рэпрэсіі супраць усіх нязгодных з рэжымам, якія ўзмацніліся пасля прэзідэнцкіх выбараў 2011 года.
“За апошні год сітуацыя ў Беларусі змянілася ад дрэннай да яшчэ горшай. Гэты прысуд пасылае недвухсэнсоўны сігнал аб тым, што ўлады не маюць намеру спрыяць прагрэсу ў выкананні іх абавязацельстваў па правах чалавека, – кажа прэзідэнт FIDH Суэр Белхасэн. - Гэта сумны дзень для Беларусі і правоў чалавека. Улады не пакідаюць аніякай прасторы для існавання няўрадавых праваабарончых арганізацый. Такім чынам, усе прынцыпы правоў чалавека ставяцца сёння ў Беларусі пад пагрозу”.

Абсерваторыя нагадвае, што іншыя сябры ПЦ “Вясна” таксама сутыкаліся з пераследам на працягу апошніх тыдняў, у тым ліку намеснік старшыні сп. Валянцін Стэфановіч. Акрамя гэтага, уступленне сённяшняга прысуду ў законную сілу прымушае ПЦ “Вясна” пакінуць свой цэнтральны офіс.

Крымінальная справа была заснавана на інфармацыі, прадастаўленай беларускім уладам Міністэрствам юстыцыі Літвы і Генеральнай пракуратурай Польшчы адносна рахункаў, адкрытых сп. Бяляцкім у замежных банках дзеля дзейнасці ПЦ “Вясна”. Беларускія падатковыя ўлады памылкова расцанілі грошы на рахунках сп. Бяляцкага як ягоны асабісты прыбытак і абвінавацілі яго ва ўтойванні сродкаў. Гэтыя грошы, якія былі перададзеныя арганiзацыямі для фінансавання праваабарончай дзейнасці, не былі выкарыстаны ў якасці асабістых сродкаў, але для фінансавання законнай дзейнасці ПЦ “Вясна”, такіх як маніторынг выбараў і дапамога ахвярам палітычных рэпрэсій.

“Гэта рашэнне з’яўляецца пародыяй на правасуддзе. Атрыманне фінансавання для дзейнасці ў галіне правоў чалавека з’яўляецца цалкам легітымным. Яно не мусіць крыміналізавацца, але падтрымлівацца”, — кажа Джэральд Стэйброк, Генеральны сакратар OMCT.

Абсерваторыя цвёрда асуджае прысуд сп. Бяляцкаму і заклікае беларускія ўлады неадкладна і безумоўна вызваліць яго, бо затрыманне праваабаронцы з’яўляецца адвольным, гарантаваць пры любых абставінах яго фізічную і псіхалагічную недатыкальнасць, а таксама спыніць любыя формы пераследу – у тым ліку на судовым узроўні – супраць праваабаронцаў у адпаведнасці з Дэкларацыяй ААН аб праваабаронцах, Усеагульнай дэкларацыяй правоў чалавека і міжнародных дакументаў па правах чалавека, ратыфікаваных Беларуссю.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства