Беларускі дом пераязджае ў нікуды
Па стане на 25 ліпеня ня вырашана пытаньне з размяшчэньнем Беларускага дому міжнароднага цэнтра беларускай дыяспары, паведаміў інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына".
Беларускі дом быў створаны МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" ў адпаведнасьці з Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 2.04.1992 г. (са зьменамі і дадаткамі 23.06.1999 г.) для забеспячэньня патрэбаў шматмільённай беларускай дыяспары.
У чэрвені гэтага году на сустрэчы з намесьнікам мэра Менску прагучала парада Згуртаваньню самому знайсьці памяшканьне, і тады горад будзе гатовы разгледзіць гэтую прапанову. "Бацькаўшчына" агледзела звыш 50-і памяшканьняў у розных месцах горада, з таго, што больш падавалася прымальным, улічваючы неабходнасць размяшчэння кніг і архіваў, інфармацыйнага і культурна-асветнага цэнтраў, а таксама зручнасьць транспартных камунікацый, бо Беларускі дом часта наведваецца прадстаўнікамі беларускай дыяспары, навукоўцамі і студэнтамі з Беларусі.
У выніку на разгляд Менгарвыканкама Згуртаваньне прадставіла прымальны варыянт, але да гэтага часу так і не атрымала адказу, а балансаўтрымальнік памяшканьня не атрымаў адпаведнага даручэньня Менгарвыканкаму. Пытаньне з размяшчэньнем Беларускага дому ня вырашана, як і ня вырашана пытаньне аб яго вяртаньні ў памяшканьне па старым адрасе: вул. Рэвалюцыйная, 15, пасля заканчэньня рамонту.
Да 28 ліпеня "Бацькаўшчына" мусіць вызваліць памяшканьне, дзе працаваў Беларускі дом. Большасць рэчаў, мэбля звезеныя ў гаражы, каштоўныя кнігі і архівы на захаваньні ў прыватных кватэрах. А ў вялікім сталічным горадзе з дзьвюма лініямі метро так і не знаходзіцца памяшканьня для цэнтра па працы зь беларускай дыяспарай па адной простай прычыне: без станоўчай рэзалюцыі горада ніводны арэндадаўца не адважыцца пусціць на свае плошчы недзяржаўную арганізацыю&