На Гомельшчыне падлічваюць арыштаваных і аштрафаваных
Паводле інфармацыі Асамблеі НДА Беларусі, грамадзкія і партыйныя арганізацыі Гомельскай вобласьці абагульнілі зьвесткі аб арыштах, штрафах і іншых формах перасьледу, якім падвяргаліся грамадзкія актывісты за апошнія месяцы. У пэрыяд, які прайшоў з канца мінулага году, ня меней чым 44 чалавекі з Гомельшчыны былі пакараныя ў сувязі з удзелам у перадвыбарчай агітацыі, распаўсюдзе незалежных выданьняў і акцыях пратэсту.Найбольшая колькасьць сярод іх 26 чалавек падвергліся арыштам (у тым ліку 4 дзяўчыны). На 15 сутак былі пасаджаныя дзесяць грамадзянаў, на 10 трое, на 8 адзін, на 7 сутак восем, на 5 трое. А Ўладзімер Кацора, які ў час прэзыдэнцкіх выбараў быў кіраўніком абласнога штабу А. Мілінкевіча, быў арыштаваны двойчы на 8 і на 10 сутак. Больш за ўсё арыштаваных з Гомеля і Сьветлагорскага раёну: па 9 чалавек; у Жыткавіцкім раёне, Мазыры і Калінкавічах па 2, па адным у Рагачове і Рэчыцы. Афіцыйныя прычыны арыштаў дробнае хуліганства (14 выпадкаў), удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (8 выпадкаў), парушэньне парадку пікетаваньня (3 выпадкі калі ў час перадвыбарчай агітацыі актывісты стаялі на вуліцах з партрэтамі А. Мілінкевіча), непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі (2 выпадкі) і зьнявага супрацоўніка выканкаму (1 выпадак).
Сярод тых, хто "парушалі парадак", "аказвалі непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі" і "выкрыквалі лёзунгі" найчасьцей студэнты і моладзь, аднак ёсць і пэнсіянэр, урач, юрыст... Паводле зьвестак Гомельскага гарадзкога аддзяленьня грамадзкага абяднаньня "Прававая ініцыятыва", некаторыя з арыштаваных падвяргаліся таксама штрафам.
Ня менш 14-і грамадзянаў у гэтым сьпісе былі "толькі" аштрафаваныя: зь іх 5 у Сьветлагорску, 3 у Жлобіне, 2 у Гомелі, па адным у Брагіне, Добрушы, Мазыры і Рагачове. Агульная сума штрафаў склала ня менш за 3 628 000 руб. Шэраг актывістаў страцілі працу ці вучобу, на многіх аказваўся ўціск з боку адміністрацыі па месцы працы альбо навучаньня.